19 верасня, Орша /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць лён цудоўнай культурай, тавары з якой у Беларусі трэба папулярызаваць. Такое меркаванне ён выказаў сёння на нарадзе па пытаннях развіцця льняной галіны, што праходзіць на Аршанскім ільнокамбінаце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ўжо нямала зроблена, каб падняць ільняную галіну на больш высокі ўзровень. "Гэта культура для Беларусі палітычная. Яна на гербе нашай краіны. Але справа тут нават не ў палітыцы: гэта цудоўны тавар, цудоўны прадукт!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Простая формула: есці і надзяваць трэба тое, што вырошчваецца на сваёй зямлі. Лепшых прадуктаў харчавання, чым вырашчаныя на зямлі, на якой ты сам вырас, у свеце не бывае. Ніякія апельсіны, лімоны і бананы не заменяць тую ежу, якая вырабляецца тут, у нас", - лічыць Прэзідэнт.
"Мы яшчэ мала ведаем пра сувязь чалавека з гэтымі прадуктамі. Але чалавек, не ведаючы тонкасцей, даўно зрабіў выснову: харчуешся тым, што вырашчана на той зямлі, на якой сам вырас, будзеш здаровым. Тое ж самае можна сказаць і пра адзенне. Гэта нашы тканіны. І тут нават не ў патрыятызме справа: для здароўя гэта карысна", - адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што павінна больш вырабляцца і пастаўляцца на рынак такіх тканін, якія былі прадэманстраваны яму на Аршанскім ільнокамбінаце. "Я ўпэўнены, калі вы ў Расіі гэта пакажаце, у вас забяруць, як у народзе кажуць, з рукамі і нагамі. Там памятаюць і ведаюць, што такое лён", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
"Паводле інфармацыі Белстата, у сусветнай вытворчасці льновалакна Беларусь займае другое месца. Пара колькасці пераходзіць у якасць. Былую славу беларускага лёну мы абавязаны адрадзіць. У гэтай сферы мы павінны быць заканадаўцамі моды", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|