16 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Спакойнае і арганізаванае правядзенне дэнамінацыі ў Беларусі важна ў тым ліку з палітычнага пункту гледжання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым і старшынёй праўлення Нацбанка Беларусі Паўлам Калаурам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я атрымліваю інфармацыю аб тым, што Нацбанк і ўрад правялі грунтоўную работу, каб спакойна перайсці на новую валюту. Народ гэтага чакае. Гэта датычыцца кожнага, - сказаў Прэзідэнт. - Таму сур'ёзны момант, і палітычны. Трэба, каб гэта добра было арганізавана".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што дэнамінацыя, якая, магчыма, у нейкай ступені з'яўляецца непапулярным мерапрыемствам, праводзіцца напярэдадні палітычнай кампаніі, парламенцкіх выбараў. "Гэта сведчыць аб тым, што мы нікога не баімся, мы - дзяржаўныя людзі, а не толькі нейкія там палітыкі. А дзяржаўныя людзі заўсёды думаюць аб перспектывах, развіцці дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што да правядзення дэнамінацыі ў Беларусі рыхтаваліся ўжо на працягу некалькіх гадоў, і гэта прапаноўвалася зрабіць з 1 студзеня 2017 года. "Я скараціў тэрміны. Адцягваць нам няма сэнсу, і дамовіліся, што гэта будзе з 1 ліпеня бягучага года", - расказаў кіраўнік дзяржавы.