9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Следчым Беларусі і Расіі ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Расіі Аляксандрам Бастрыкіным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я думаю, мы ў вас шмат чаму можам навучыцца. Вы ў нас можаце падгледзець што-небудзь, таму што мы вельмі многае зрабілі не толькі па рэформе папярэдняга следства, але і шмат зрабілі наогул, узварухнуўшы праваахоўную сістэму ад міністэрстваў і ведамстваў да Вярхоўнага суда", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы вельмі моцна прыўзнялі следства, аснасціўшы іх. Але паралельна моцна прыўзнялі і Дзяржкамітэт судовых экспертыз - без яго нікуды, вельмі ўмацавалі яго матэрыяльную базу. Мы праводзім сёння вельмі добрыя даследаванні, перш за ўсё ў інтарэсах следства. Але я заўсёды гавару Івану Данілавічу (старшыні Следчага камітэта Беларусі Івану Наскевічу. - Заўвага БЕЛТА): абавязкова знайдзі з кіраўніком Следчага камітэта Расіі агульную мову, каб навучыцца тым перадавым метадам, якія існуюць у вас. Гэта будзе на карысць і нам, і вам. Я ў гэтым вельмі зацікаўлены", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што практычнае ўзаемадзеянне двух ведамстваў - важнае пытанне. "І я вельмі спадзяюся, што такое ўзаемадзеянне будзе, таму што апошнім часам (не будзем гаварыць аб тэрарызме, хоць і гэта вельмі важна) у нас хапае свайго жулля - што ў Расіі, што ў Беларусі. Хацелася б, каб вы разам працавалі ў гэтым напрамку. Я ўпэўнены, што ў нас гэта атрымаецца, - заявіў Прэзідэнт. - З майго боку вы заўсёды знойдзеце падтрымку і дапамогу. Мы гатовы ў любы момант падставіць плячо, калі гэта неабходна".