11 чэрвеня, Цындаа /Кар. БЕЛТА/. Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 чэрвеня на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цындаа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый супярэчнасці паміж дзяржавамі прымаюць усё больш вострую форму. Нявызначанасць стала новай "нармальнасцю".
"Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур'ёзных канфліктаў з непрадказальнымі вынікамі. У гэтых абставінах Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у забеспячэнне шматбаковай бяспекі, абарону міжнародных норм і правіл, перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фоне новых хваль пратэкцыянізму ў сусветным гандлі, якія прама ці ўскосна закранаюць практычна ўсе дзяржавы, што ўдзельнічаюць у саміце, узнікае прамая пагроза ўцягвання ў гандлёвыя войны.
"Таму для ўсіх нас вельмі актуальным з'яўляецца прыняцце сумесных мер, накіраваных на ўмацаванне сусветнай гандлёвай сістэмы шляхам выкарыстання магчымасцей Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы", - лічыць беларускі лідар.