25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа ЦВК Беларусі - гэта фактар спакою ў нашай краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 20 снежня заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзеючага складу Цэнтрвыбаркама, і падзякаваў усім членам ЦВК за тую бескампрамісную і па-сапраўднаму адказную работу, якую яны праводзілі.
"Па-рознаму да гэтага могуць ставіцца ў нас асобныя "таварышы". Але нават яны разумеюць, што ў свеце, напэўна, няма дзяржавы, дзе так эфектыўна працавала б Цэнтральная выбарчая камісія, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы даследавалі гэта пытанне, сацыялагічныя даследаванні праводзілі: не проста большасць - пераважная большасць станоўча ацэньвае работу ЦВК і старшыні. Таму яшчэ раз дзякую вам за ўсё тое, што зроблена Цэнтральнай камісіяй. Яе работа - гэта фактар спакою ў нашай краіне".
На сустрэчы разглядаліся кандыдатуры, якія ўвойдуць у новы склад Цэнтрвыбаркама. Акрамя таго, узгоднены патэнцыяльныя кіраўнікі ЦВК: старшыня і яго намеснік, сакратар камісіі.
Прэзідэнт таксама абмеркаваў з Лідзіяй Ярмошынай удасканаленне выбарчага працэсу і заканадаўства. Усе прапановы Цэнтрвыбаркама знайшлі падтрымку з боку кіраўніка дзяржавы.
Згодна з заканадаўствам, Цэнтральная камісія ўтвараецца ў складзе 12 чалавек з грамадзян Беларусі, якія маюць, як правіла, вышэйшую юрыдычную адукацыю і вопыт работы па арганізацыі і правядзенні выбараў і рэферэндумаў. Шэсць членаў ЦВК назначаюцца Прэзідэнтам, шэсць - выбіраюцца Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
Кандыдатуры ў склад Цэнтральнай камісіі рэкамендуюцца адпаведна Прэзідэнту і Савету Рэспублікі сумеснымі рашэннямі прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў.