29 верасня, Нью-Ёрк /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прытрымліванне норм міжнароднага права з'яўляецца адзінай альтэрнатывай "закону джунгляў". Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Войны не павінны быць інструментам высвятлення адносін паміж дзяржавамі. Мір нельга ўтрымаць сілай, міру можна дабіцца толькі праз разуменне, казаў мудры Эйнштэйн. З гэтым цяжка паспрачацца", - адзначыў беларускі лідар.
"Толькі праз самаабмежаванні можна забяспечыць дабрабыт і абарону для ўсіх: і моцных, і слабых. Гэта і ёсць сутнасць міжнароднага права, якое з'яўляецца адзінай альтэрнатывай "закону джунгляў", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Асэнсоўваючы нацыянальны вопыт развіцця, хочацца зрабіць наступны вывад: толькі саюз моцных, адказных і эфектыўных дзяржаў, аб'яднаных сістэмай міжнароднага права, здольны адэкватна процістаяць сучасным глабальным выклікам і пагрозам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
На яго думку, тут вельмі важная роля Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. "Мы шчыра верым, што адказ ляжыць у плоскасці тых ідэй, якія былі прапанаваны свету заснавальнікамі ААН 70 гадоў таму. У першую чаргу размова павінна ісці пра безумоўнае асуджэнне насілля", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэтыя дні даводзіцца чуць нямала крытыкі ў адрас ААН. "Беларусь, безумоўна, падзяляе галоўны пасыл аб тым, што Арганізацыя не можа быць застылай, яна павінна ісці ў нагу з часам. Але самае важнае - рэфармуючы любую структуру, не выкінуць бы галоўнае, у гэтым выпадку забяспечыць непарушнасць мэт і прынцыпаў Статута ААН. Разам з тым важна разумець, што ААН, як я ўжо неаднаразова гаварыў, - гэта ўсе мы, і ад таго, наколькі ўзгоднена і канструктыўна мы будзем дзейнічаць, залежыць дабрабыт сусветнай супольнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.