У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

25 Стд 2019

Лукашэнка прыспешыў вучоных з айчыннай "Тэслай" і расказаў аб сваім электраматацыкле

Лукашэнка прыспешыў вучоных з айчыннай
Фота з архіва

25 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна ўкараняць у Беларусі электратранспарт і ў цэлым пашыраць сферу выкарыстання электрычнай энергіі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі, якім уручаны дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі хутка пачне работу атамная электрастанцыя, а таксама ў значнай ступені мадэрнізаваны ўжо існуючыя энергамагутнасці. У выніку размова ідзе не толькі аб магчымасці экспарту электраэнергіі, але і пашырэнні яе выкарыстання ўнутры краіны. "Давайце мы забяспечым уласнае насельніцтва - створым энергаэфектыўныя бытавыя пліты і прыборы, і цэны каб былі пад'ёмныя. Хаця б на ўзроўні прыроднага газу для насельніцтва. Замест саляркі і бензіну заменім на электрамабілі. І такая была пастаўлена задача Акадэміі навук, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы ў гэтым годзе выканаеце гэту задачу, пачынаючы ад электравеласіпедаў і заканчваючы трактарам, МАЗам на электрычнай цязе? Каб сваё было".

Прэзідэнт расказаў, што ён і сам карыстаецца, напрыклад, электраматацыклам, праўда, пакуль у асноўным з кітайскіх камплектуючых: "Тое, што вы з Кітая прывезлі, зрабілі там электраматацыкл і мне прывезлі для выпрабаванняў, гэта добра. Пастаянна перамяшчаюся дзе толькі можна на гэтым электрычным матацыкле. Штука цудоўная. Але гэта кітайскае, акрамя рамы, якую вы там зварылі. А нам трэба сваё. Перш за ўсё, батарэя".

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў далажыў, што цяпер вядзецца работа над цэлай лінейкай электратранспарту. "Веласіпед, скутар, цяпер над матацыклам беларускім працуем. Што датычыцца электрамабіляў, той першы ўзор, які мы дэманстравалі, цяпер дапрацаваны. Ужо зрабілі электрамінівэн, невялікія электрычныя камунальную машыну і грузавічок. І мы ўжо гатовы вам прадэманстраваць гэтыя распрацоўкі", - сказаў кіраўнік Акадэміі навук.

Уладзімір Гусакоў паведаміў аб планах да канца 2019 года стварыць у НАН невялікую эксперыментальную вытворчасць адпаведных распрацовак.

Ён таксама расказаў, што вучоныя ўжо стварылі айчынную батарэю-накапляльнік, якая цяпер праходзіць выпрабаванні. Па многіх параметрах выраб не ўступае замежным аналагам. "Ён на зусім іншай аснове - графенавай, а не літыевай. Літый вельмі дарагі, і сыравінная база ёсць толькі ў Кітаі. А графену ў нас дастаткова вытворчасці. Паставілі ўжо на электрамабіль і электравеласіпеды айчынныя батарэі-накапляльнікі, праводзяцца выпрабаванні", - адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Аляксандр Лукашэнка адносна распрацовак, якія вядуцца, звярнуў увагу на важнасць таго, каб вучоныя рухаліся наперад, грунтуючыся на сусветных дасягненнях, а не спрабавалі нанава "прыдумаць веласіпед". "Я ж вам "Тэслу" прыгнаў і паставіў побач з вашым узорам. Разумею, што гэта быў такі яшчэ сыры ўзор, але я не думаю, што вы беларускую "Тэслу" вынайдзеце, калі гаварыць пра легкавыя аўтамабілі. Але гэта ж павінна быць блізка да гэтага, каб чалавек па прынцыпе цана-якасць мог набыць гэты аўтамабіль", - заўважыў беларускі лідар.

Уладзімір Гусакоў праінфармаваў, што ў параўнанні з былым беларускім электрамабілем у дапрацаванай мадэлі магутнасць і эфектыўнасць у два разы вышэйшая: "Мы рухаемся ў гэтым напрамку. Я стаўлю задачу, каб набліжаліся недзе да "Тэслы".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся канкрэтнымі характарыстыкамі, і аказалася, што пакуль айчынны электрамабіль можа на адной зарадцы пераадолець толькі каля 250 км. "Зробім і 500 км. Працуем", - запэўніў кіраўнік НАН.

Ён дадаў, што на выстаўцы да Дня беларускай навукі будзе дэманстравацца і айчынны электрарухавік.

У сваю чаргу віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка далажыў, што літаральна на мінулым тыдні глядзеў трактар, які таксама аснашчаны электрапрыводам. "Сістэматызуем гэту работу. Ведаем галоўную праблему, якую вы абазначылі, - гэта энергакрыніца, якая забяспечвае працягласць энергазабеспячэння", - сказаў ён.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, гэта пытанне раней абмяркоўвалася і з кіраўніком "Джылі", калі размова ішла аб вытворчасці ў Беларусі электрамабіляў. "І яны працуюць над задачай, чаму і былі не гатовы ўжо ў гэтым годзе прапанаваць нам электрамабілі. У іх цяпер вядзецца гэта работа. Яна яшчэ не дасягнула патрэбнага поспеху менавіта па электраэлементах", - заявіў Ігар Ляшэнка.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што электрамабілі, як і электратранспарт у цэлым, - гэта менавіта той напрамак, які трэба развіваць у Беларусі, і вярнуўся да свайго вопыту ваджэння машыны маркі "Тэсла". "Я наогул любіцель аўтатранспарту. Гэта для мяне хобі такое. Я на многіх аўтамабілях перамяшчаўся. Але "Тэсла" - гэта цуда-аўтамабіль. Вёрткі, хуткі, скорасць развівае добрую. Нават няма месца, дзе яго паспрабаваць. Гэта на кальцавой дарозе - пад 250 км/гадз. Ідзе вельмі ўстойліва", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але галоўнае, што для людзей, нашай Беларусі гэта - выйсце. Электрычныя аўтамабілі - ужо не будучае, а сучаснае ўсёй планеты. І нам тут адставаць ні ў якім разе нельга. Таму недзе да канца гэтага года паглядзім, на што мы выйшлі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адзначыў, што навуку трэба ў першую чаргу павярнуць да таго, што патрэбна людзям і дзяржаве. "Пажадана, каб у нас не было гэтых прахадных тэм, - сказаў ён. - Вучоныя павінны займацца тым, што патрэбна цяпер для эканомікі, для жыцця людзей, не забываючы аб фундаментальных даследаваннях там, дзе неабходна нашай краіне, што можам прадаць".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс