21 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе запусціць міратворчы "мінскі працэс" для ўрэгулявання адносін паміж Усходам і Захадам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У свой час для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Усходам спатрэбіўся Хельсінкскі працэс, які ў выніку прывёў да стварэння АБСЕ. Давайце, каб палепшыць атмасферу ўзаемаадносін дзяржаў, падумаем аб абнаўленні Хельсінкскага працэсу і паспрабуем запусціць міратворчы працэс, магчыма, "мінскі працэс", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, гэта ідэя вылучаецца зыходзячы са станоўчага эфекту мерапрыемстваў "нармандскага фармату", праводзімых у Мінску.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць правядзення сустрэчы ключавых міжнародных экспертаў у беларускай сталіцы з мэтай абмяняцца думкамі аб урэгуляванні адносін паміж Усходам і Захадам. "У далейшым, напэўна, спатрэбіцца выпрацоўка дамоўленасцей паміж лідарамі буйнейшых дзяржаў аб будучым светаўладкаванні. Прапануючы гэта, я маю на ўвазе, што мы павінны спрацаваць на апярэджанне, а не цягнуцца потым у хвасце падзей, калі раптам нешта адбудзецца, як гэта было з Украінай", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Упэўнены, што ніхто не зацікаўлены ў чарговай халоднай вайне. Неабходна пакласці пачатак працэсу асэнсавання новых правіл міжнародных адносін, заснаваных на шматпалярнасці і павазе інтарэсаў адзін аднаго", - падкрэсліў Прэзідэнт.