У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

11 Кст 2016

Лукашэнка патрабуе палепшыць кадравую сітуацыю ў сацыяльнай сферы

Лукашэнка патрабуе палепшыць кадравую сітуацыю ў сацыяльнай сферы

11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным палепшыць кадравую сітуацыю ў сацыяльнай сферы. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы з дакладам віцэ-прэм'ера Наталлю Качанаву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кадры вырашаюць усё. І гэта сітуацыя ў сацыяльнай сферы, якую вы ва ўрадзе курыруеце, вымушае жадаць лепшага. Мяне насцярожвае нават сама ацэнка кадраў па ўсіх напрамках", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаў час рухацца ў напрамку вырашэння адпаведных пытанняў. "Вы ўбачылі людзей, кадры, наколькі яны здольныя ці няздольныя працаваць. Пытанне не ў тым, каб кагосьці пакараць, зламаць (у кожнага свая сям'я, лёс і гэтак далей), але калі чалавек не цягне, яго трымаць нельга. Таму калі патрэбны нейкія кадравыя перастаноўкі і змяненні, гэта трэба бачыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Праблемныя пытанні Прэзідэнт абазначыў на прыкладзе канкрэтных галін. Адна з іх - спорт. "Мы ўсе назіралі экзамен нашых спартсменаў на Алімпіядзе ў Рыа. І я гляджу на балбатню гэту з боку нашых чыноўнікаў ад спорту (яны задаволены, усё добра). Яны, можа, і задаволены, але не мы з вамі і не народ. Такога пасрэднага, ненармальнага выступлення мы проста не чакалі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Пытанне ў тым, што ў спорт укладзены велізарныя сродкі (і яны самі аб гэтым гаварылі). Ніякіх прэтэнзій не было. А дзе вынік? А выніку, каб задаволіць патрабаванні народа, на народныя ж грошы туды паехалі, няма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А ў іх усё добра, і ўжо гатовы алімпійскі сход праводзіць, нягледзячы на тое, што я дзясяткі разоў сказаў: ідзіце да Косінца і Качанавай, удакладняйце па федэрацыях, па кадрах, па Міністэрстве спорту, па ўсіх пытаннях, а потым будзем праводзіць. Праводзіць з людзьмі, якія будуць працаваць у новым алімпійскім цыкле".

Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць праблемныя моманты і ў сферы адказнасці Міністэрства культуры. У прыватнасці, гэта датычыцца кінематаграфічнай галіны. "Выпадкова трапіў на ток-шоу аб кіно. Проста сорамна было слухаць. Аказваецца, у нас не здымаюць кіно, як некаторыя кажуць, таму што ідзе рамонт на кінастудыі "Беларусьфільм". Тады паўстае пытанне, а што, у часы Пташука (рэжысёр Міхаіл Пташук. - Заўвага БЕЛТА), калі ён здымаў "У жніўні 44-га", лепшыя ўмовы былі? Не. Але фільм знялі добры", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама канстатаваў, што ў Беларусі часта здымаюць розныя расійскія серыялы, у тым ліку з удзелам беларускіх акцёраў. "Магчыма здымаць, і не перашкаджаюць рамонты. Больш таго, я бываў раней у кіношнікаў, слухаў іх размовы. Яны ні ў чым не змяніліся - усё чагосьці не хапала. І я аднойчы прапанаваў: пакладзіце мне на стол сцэнарый нармальнага глыбокага ідэйнага фільма. Або лёгкага, простага, але цікавага для народа. І што вы думаеце, прынеслі і паклалі? Не", - сказаў Прэзідэнт.

"Ці вазьміце адукацыю, - прапанаваў кіраўнік дзяржавы. - Мы вельмі шмат аб гэтым гаворым. Неяк няма тут таксама руху. Я не гавару, што нам адукацыю трэба глыбока рэфармаваць, аб калена штосьці ламаць. Хутчэй, наадварот, яе трэба абараняць, каб захаваць усё лепшае ў ёй. Але трэба здымаць праблемы, якія назбіраліся. Яны ж не маюць глабальнага характару".

На аналагічныя недапрацоўкі Аляксандр Лукашэнка ўказаў і ў сферы аховы здароўя. "Грошы вялікія ўклалі. Так, ёсць прагрэс па галоўных напрамках, і гэта прызнана ва ўсім свеце", - канстатаваў беларускі лідар. Адначасова ён заклікаў за гэтымі вялікімі дасягненнямі не забываць аб больш дробных пытаннях і праблемах, якія, без належнай да іх увагі, могуць перакрыць усё станоўчае.

"Таму трэба нам неяк разварушыць сацыяльную сферу, каб яны (кіраўнікі розных устаноў і ведамстваў. - Заўвага БЕЛТА) не хадзілі з працягнутай рукой і не гаварылі, што ў іх там рамонт або дах пацёк, або студыю заліло, або аўдыторыя не такая. Трэба варушыцца кожнаму. Калі не варушацца, трэба людзей мяняць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс