25 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе дакладнага выканання калегіяльнасці ў прыняцці рашэнняў урадам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час даклада першага намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі мы абнаўлялі склад урада, мы дамаўляліся, што ў бліжэйшы час вы разберацеся з функцыянальнымі абавязкамі апарату ўрада і структурай, - адзначыў Прэзідэнт. - Я прасіў вас заняцца гэтым пытаннем - вы кіравалі апаратам урада. Каму, як не вам, цяпер, улічваючы магчымыя недапрацоўкі, недахопы ў арганізацыі работы ўрада ў мінулым, выправіць сітуацыю. Хацелася б пачуць ад вас бачанне некаторых пытанняў".
Прэзідэнт нагадаў, што ўрад з'яўляецца калегіяльным органам, рашэнні там прымаюцца калектыўна, і гэта павінна свята выконвацца. "Гэтаму я ўдзяляю вялікую ўвагу - стылю работы ўрада", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступаюць некаторыя сігналы, што ўрад бачыць сваю работу так: ён будзе займацца стратэгіяй, а не штодзённымі справамі. "Урад будзе займацца не толькі выпрацоўкай стратэгіі. Гэта, дарэчы, не ваша прэрагатыва, стратэгія ў нас выпрацавана, яна вызначаецца Прэзідэнтам, уносіцца на галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах і зацвярджаецца Усебеларускім народным сходам, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Магчымы недзе карэкціроўкі, ураду ніхто не забараняе ўносіць змяненні па карэкціроўцы. Але рашэнне прымае Прэзідэнт".
Урад у Беларусі заўсёды займаўся рэальным сектарам эканомікі, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Таму давядзецца рабіць усё - і сеяць, і ўбіраць, і ля станка стаяць, і тэхналогіямі займацца. Урад, які будзе сядзець у кабінетах і выпрацоўваць нейкую стратэгію, не разумеючы, што адбываецца на самай справе, у Беларусі не патрэбны", - заявіў ён.