13 жніўня, Ваўкавыск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Ніякіх указаў, каб працаваць нармальна, не трэба, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці, якая праходзіла ў Ваўкавыскім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу ўдзяліў тэме эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў і раёнаў Гродзенскай вобласці. Ён запатрабаваў руплівага, гаспадарскага падыходу ва ўсіх пытаннях. Размова ў тым ліку зайшла аб пасрэдніцкіх паслугах пры набыцці сродкаў хімабароны і ветпрэпаратаў. Дакладнае патрабаванне Прэзідэнта - неабходна напрамую весці закупкі, каб пазбегнуць падаражэння тавару. "Там, дзе пасрэднікі, а гэта неабавязкова карупцыйныя схемы, - павелічэнне цаны", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дэталёва пацікавіўся сітуацыяй у раёнах вобласці, і ў Ваўкавыскім раёне ў прыватнасці.
У нарадзе ўдзельнічалі кіраўнікі шэрага рэспубліканскіх ведамстваў, у тым ліку старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, а таксама кіраўніцтва Гродзенскай вобласці, Ваўкавыскага раёна і прадпрыемстваў рэгіёна.