У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

7 Чэр 2014

Лукашэнка: Я заўсёды быў за адзінства і цэласнасць Украіны

Лукашэнка: Я заўсёды быў за адзінства і цэласнасць Украіны

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Украіна павінна быць адзінай і цэласнай дзяржавай. Аб гэтым ён заявіў 7 чэрвеня, адказваючы на пытанні журналістаў у Кіеве пасля цырымоніі інаўгурацыі выбранага Прэзідэнтам Украіны Пятра Парашэнкі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Я заўсёды быў за адзінства і цэласнасць Украіны. Таму адсюль мае адносіны. Украіна павінна быць адзінай, мы, беларусы, у гэтым зацікаўлены, і асабіста я", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што галоўная задача сёння - стабілізаваць сітуацыю ва Украіне. "Самае галоўнае пытанне - каб не было цяпер вайны. Самае галоўнае - супакоіць насельніцтва, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Вайны ніякай быць не павінна. Паверце мне: мінуць два-тры месяцы пасля гэтай бойні, і сорамна будзе за тое, што тут гінуць людзі".

"Таму трэба проста супакоіцца і ў новым перыядзе, калі яго можна назваць новым, пасля выбараў прэзідэнта стабілізаваць сітуацыю. Украінцы вельмі працавітыя і разумныя людзі, і яны справяцца з праблемамі. Калі не дапамогуць ім з гэтымі праблемамі справіцца, яны самі з гэтым разбяруцца, але ім больш часу спатрэбіцца", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што Украіна "дамовіцца з усімі, і з Расіяй таксама". "Галоўнае, каб украінцы - нашы людзі, мае родныя людзі, выкарабкаліся з гэтай сітуацыі. Я не думаю, што яна катастрафічная. Вельмі шмат тут нагнятаецца, вельмі шмат размоў у гэтым плане", - адзначыў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне аб тым, хто з'яўляецца віноўнікам падзей, што адбываюцца ва Украіне, Прэзідэнт Беларусі сказаў: "Мы ўсе вінаватыя. Усе, хто сёння сядзеў у Радзе". "Таму не трэба ківаць усё на Пуціна. Усе добрыя", - дадаў ён.

Каменціруючы па просьбе журналістаў падзеі, якія адбываюцца на паўднёвым усходзе Украіны, Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што не валодае ўсёй паўнатой інфармацыі. "Па-мойму, вы гэтыя ўтварэнні стварылі перш за ўсё ў сродках масавай інфармацыі. Каб гэта былі па-сапраўднаму рэспублікі, трэба каб там у сэрцы і ў мазгах кожнага чалавека сядзела гэта ідэя. Думаю, там няшмат такіх прыхільнікаў. Але ў гэтым вы самі разберацеся, таму што я не вялікі эксперт паўднёвага ўсходу Украіны. Я не вельмі добра валодаю тонкасцямі нават кіеўскай сітуацыі, не тое што паўднёвага ўсходу Украіны. Таму не бяру на сябе функцыі эксперта. Я проста эмацыянальна магу аб чымсьці гаварыць", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

"Вам трэба навучыцца размаўляць з усімі, у адваротным выпадку вы вернецеся першапачаткова да таго, ад чаго адышлі. З такімі праблемамі і з такой крывёй", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, на ўсходзе Украіны "трэба вызначыць цяпер органы ўлады, правесці выбары і размаўляць з людзьмі, якіх вы будзеце прызнаваць".

"Баевікоў, якія ваююць супраць украінцаў, трэба знішчаць. Але спачатку разбярыцеся, а то перастраляеце сваіх", - дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца Крыма, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта тэрыторыя "дэ-факта сёння належыць Расіі, дэ-юрэ такога рашэння не было". "Таму спакойна, акуратна, мэтанакіравана вядзіце сваю лінію, без нападкаў, без знявагі. Гэта самае галоўнае. Тады магчыма вырашэнне гэтага пытання так, як вы хочаце", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. "Не час і не месца сёння гэтыя праблемы абмяркоўваць, - дадаў ён. - А што датычыцца адзінства Украіны, то вы чулі заяву Прэзідэнта Украіны, я думаю, ён сваё слова стрымае. Украіна павінна быць адзінай, цэласнай дзяржавай. І будзе такой".

Адказваючы на пытанне аб тым, ці гатовы Прэзідэнт Беларусі быць пасрэднікам для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не любіць выступаць у такой ролі. "Я ніколі не лічыў сябе чужым чалавекам ва Украіне, а Украіну чужой для сябе. Я гатовы зрабіць усё тое, што вы скажаце і на што я здольны без усялякай міратворчасці і пасрэдніцтва. Гэта той, хто хоча сабе палітычныя дывідэнды нейкія незразумелыя, хто хоча сабе дуты аўтарытэт атрымаць, заўсёды рвецца ў пасрэднікі і міратворцы", - адзначыў ён.

Што датычыцца Віктара Януковіча, то Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ён не прасіў прыняць яго ў Беларусі. "У яго тут вёска ёсць, у якой яго бацькі нарадзіліся, і напэўна, ніхто не можа пазбавіць яго права прыехаць у вёску. Але я вам раю: забярыце свайго прэзідэнта ва Украіну, якім бы ён ні быў, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Пераступіце праз усё і свайго прэзідэнта забярыце ва Украіну, няхай ён будзе ў вас".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску