30 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Для Беларусі вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка, выступаючы ў ходзе аператыўнага збору каманднага складу Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асаблівую трывогу выклікае падаграваемая звонку нацэленасць Кіева на канфрантацыю з Масквой. "Гэта ўжо замацавана на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, у новай рэдакцыі ўкраінскай ваеннай дактрыны Расія называецца ваенным праціўнікам", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён лічыць, што фактычна ўпершыню на постсавецкай прасторы існуе канфлікт, развіццё якога, без перабольшання, уплывае непасрэдна на бяспеку Беларусі. "У гэтых умовах для нас вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам. Пры любым развіцці сітуацыі мы не павінны быць уцягнутымі ў іх процістаянне", - перакананы Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што актыўны і рацыянальны ўдзел Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу па заслугах ацэнены і падтрыманы сусветнай супольнасцю. Прэзідэнт, які адказвае непасрэдна за бяспеку краіны, паабяцаў прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць гэтыя пазіцыі, перш за ўсё, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.