9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да работы над папраўкамі ў Канстытуцыю трэба прыцягнуць усе стваральныя сілы грамадства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават у рамках дзеючай Канстытуцыі адбываецца паступовая перадача часткі паўнамоцтваў Прэзідэнта на ўзровень урада і губернатараў. Напрыклад, гэта датычыцца метадаў і форм кіравання, вырашэння зямельных пытанняў.
Што датычыцца падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю, то гэты працэс, на думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба максімальна наблізіць да радавых грамадзян. Для гэтага па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах ствараюцца дыялогавыя пляцоўкі. "Сёння парламент збірае прапановы па Канстытуцыі. Добра. Няхай дэпутаты збіраюць гэтыя прапановы ад народа. Але гэта работа не дасць такога выніку, як дыялог, які вы разгортваеце ў абласцях. Запрашайце туды розных людзей, - адзначыў беларускі лідар. - Вы павінны слухаць і чуць розныя пункты гледжання. І калі мы вывучым гэтыя пытанні - Канстытуцыі, кіравання, самакіравання, мясцовага кіравання, эканамічныя пытанні, - мы іх абмяркуем тут, у цэнтры, аж да Прэзідэнта, і вынесем на Усебеларускі народны сход. Вось такая формула павінна быць. У гэту работу будуць уключаны і ўжо ўключаюцца ўсе стваральныя сілы грамадства".
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важную ролю Усебеларускага народнага сходу ў абмеркаванні канстытуцыйнай рэформы. "Першы этап, дзе мы павінны далажыць насельніцтву аб нашай рабоце ў гэтым напрамку, - Усебеларускі народны сход. Ужо сёння трэба падумаць, як мы яго будзем праводзіць: стварыць, перш за ўсё, аргкамітэт і правесці выбары на Усебеларускі народны сход, вызначыўшыся з колькасцю, зыходзячы з вопыту", - сказаў Прэзідэнт.