18 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь магла б адыграць большую ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, у прыватнасці ў Дзябальцаве. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння вельмі сур'ёзная сітуацыя пасля мінскіх пагадненняў у напрамку Дзябальцава. Беларусь магла б адыграць большую ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, калі б бакі, уцягнутыя ў яго, гэтага хацелі", - сказаў беларускі лідар.
"Мы сёння прапанавалі ўкраінскаму і другому боку, уцягнутаму ў гэты канфлікт, што праблему Дзябальцава можна вырашыць на працягу сутак, калі гэтага захочуць Украіна, Расія, ДНР і ЛНР", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы гатовы не проста быць пасрэднікам, а дастойна спыніць гэты канфлікт у раёне Дзябальцава і вывесці ўсіх ваеннаслужачых Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі ваяваць не будуць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І калі кагосьці напружвае зброя, якой валодаюць сёння ваеннаслужачыя Украіны, акружаныя ў Дзябальцаве, мы гатовы прыняць на тэрыторыі Беларусі гэту зброю. Такім чынам, яна ніколі больш не будзе ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях". Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што трэба адабрэнне бакоў канфлікту. "Калі для іх з'яўляецца прыярытэтам жыццё тысяч ні ў чым не вінаватых, акружаных там людзей, то мы гатовы гэта зрабіць на працягу сутак", - дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Калі гэта цікава рэальным дзеючым асобам у Дзябальцаве і, у прыватнасці, уцягнутым у гэты канфлікт. Але вы павінны ведаць, што там вельмі шмат розных інтарэсаў, адсюль і розныя падыходы", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь стараецца адыграць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, аднак дзейнічае больш непублічна.
Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў сваю чаргу выказаў словы ўдзячнасці кіраўніку беларускай дзяржавы і Беларусі за важную ролю пасрэдніка, якую краіна адыгрывае ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. "Гэта з'яўляецца самым важным пытаннем у рэгіёне. Яно аказвае вельмі сур'ёзны ўплыў як на эканоміку, так і палітыку", - сказаў Сума Чакрабарці. Ён дадаў, то банк вельмі цэніць ролю, якую адыгрывае беларускі бок.
"Са свайго боку банк таксама спрабуе зрабіць больш ва Украіне, і мы пачалі ўжо гэту работу ў мінулым годзе. Застаецца спадзявацца, што сітуацыя зможа вырашыцца ў бліжэйшыя месяцы", - адзначыў прэзідэнт ЕБРР.