Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

29 Май 2014

Лукашэнка: Беларусь не патрабуе ніякіх уступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі

Лукашэнка: Беларусь не патрабуе ніякіх уступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі

29 мая, Астана /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не патрабуе ніякіх уступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі, з'яўляючыся разам з Расіяй і Казахстанам удзельніцай раўнапраўнага працэсу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 мая ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не адзін год мы разам ішлі па цярністым шляху еўразійскай інтэграцыі. Кожны крок даваўся няпроста. Але мы заўсёды бачылі галоўную мэту: зрабіць так, каб нашы народы жылі ў міры і дружбе і маглі быць упэўнены, што развіццё і ўмацаванне іх дзяржаў ажыццяўляецца на трывалай аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, жыццё паказала, што шлях быў выбраны правільны. Спачатку, каб не дапусціць неабарачальнай дэзынтэграцыі постсавецкай прасторы, была створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў, потым заснавана Еўразійскае эканамічнае супольніцтва, створаны Мытны саюз, намечаны контуры Адзінай эканамічнай прасторы. "Сёння мы выйшлі на фінішную прамую, якая прывяла нас да Еўразійскага эканамічнага саюза. Наша краіна заўсёды займала паслядоўную пазіцыю ў інтэграцыйным працэсе. Яго ядром і лакаматывам у СНД застаецца Саюз Расіі і Беларусі. Мы, з'яўляючыся "зборачным цэхам" Савецкага Саюза, як ніхто іншы адчулі патрэбнасць у аднаўленні эканамічных сувязей на постсавецкай прасторы. Былі гатовы з улікам інтарэсаў кожнага не разбураць рэгіянальную сістэму падзелу працы. Больш таго, стварыць такую сістэму, дзе мы не канкурыравалі б, а ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Аднак дасягненне гэтай высакароднай мэты аказалася вельмі складаным і працяглым працэсам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Колькі апанентаў з'явілася вакол? І на Захадзе, і ў так званым блізкім замежжы. Ды што гаварыць пра заграніцу. У нашых уласных краінах! І не толькі сярод апазіцыі (усё крытыкаваць - гэта яе хлеб), але і сярод некаторых дзяржаўных асоб і чыноўнікаў (асабліва ліберальных поглядаў), - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Якія толькі абвінавачанні і прэтэнзіі нам не давялося выслухаць! І што інтэграцыя - гэта аднаўленне савецкай імперыі, і што гэта страта суверэнітэтаў. І што гэта гіра на нагах ці то ў Расіі, калі пра Беларусь гаварыць, ці то ў Казахстана".

"Але, бадай, больш за ўсіх дасталося Беларусі. Нават цяпер у прэсе ўзнімаецца шум: "Лукашэнка патрабуе ўступак!", "Вытаргоўваюць бонусы для Мінска!", "Ці то Расія, ці то Казахстан чарговы раз узваліць на сябе цяжар эканамічных праблем Беларусі!". Хачу гэтай публіцы сказаць: "Спадары, суніміцеся! Мы з Расіяй і Казахстанам - удзельнікі сумеснага раўнапраўнага працэсу, і калі будзем узвальваць штосьці на плечы адзін аднаго, то гэта таксама на раўнапраўнай аснове. Гэта наш дружалюбны саюз", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Савецкі Саюз разваліўся, калі саюзныя рэспублікі раптам вырашылі, што яны некага "кормяць", а самі маглі б жыць лепш. "Цяпер зноў дастаецца гэты апрабаваны жупел", - заўважыў беларускі лідар.

"Ніякіх уступак Беларусь не патрабуе. Кожны ў інтэграцыю ўносіць штосьці такое, што цікава для ўсіх. І гэты ўклад абсалютна не абавязаны вымярацца толькі тонам, кубаметрамі і барэлямі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Мы ўсвядомлена падышлі да падпісання дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, па максімуму адстойвалі свае інтарэсы, з павагай ставіліся да пазіцыі партнёраў, правялі дасканалы аналіз дакумента і адзначылі яго пазітыўныя бакі, - сказаў беларускі лідар. - Але не сказаць аб тым, што некаторая незадаволенасць ёсць, я не магу. У нас ёсць яшчэ магчымасць зрабіць нашы дамоўленасці лепш. Узаемавыгаднымі для ўсіх удзельнікаў дагавора".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца шчырым і надзейным партнёрам, і выказаў надзею на ўзаемаразуменне і канструктыўны падыход да вырашэння ўсіх пытанняў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі