У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

16 Стд 2018

Лукашэнка: Беларусь - міралюбівая еўрапейская дзяржава і донар бяспекі

Лукашэнка: Беларусь - міралюбівая еўрапейская дзяржава і донар бяспекі
16 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца міралюбівай еўрапейскай дзяржавай і выступае ў якасці донара бяспекі. Аб гэтым сёння, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нашы сэрцы заўсёды адкрыты для партнёраў, зацікаўленых ва ўмацаванні адносін, пашырэнні ўсебаковага супрацоўніцтва. Беларусь сёння - гэта міралюбівая еўрапейская дзяржава, якая выступае донарам бяспекі і пляцоўкай па ўрэгуляванні шэрага канфліктаў у рэгіёне, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Беларускія прапановы па розных мадэлях інтэграцыі, сумесным процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам заваёўваюць усё больш прыхільнікаў сярод іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый".

Прэзідэнт адзначыў, што фундаментам стабільнасці, залогам суверэнітэту і незалежнасці любой краіны заўсёды выступае эканоміка. "У мінулым годзе нам удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прыняты таксама важныя рашэнні, прызначаныя стымуляваць дзелавую ініцыятыву і актыўнасць інвестараў. Усямерна падтрымліваюцца прадпрымальніцтва і інавацыйная дзейнасць, сфармуляваны зразумелыя правілы для бізнесу.

"У Беларусі развіваюцца атамная энергетыка, біятэхналогіі. Створаны беспрэцэдэнтныя прававыя ўмовы для функцыянавання ІТ-індустрыі. Беларускія медыкі ў сваіх клініках на найвышэйшым узроўні навучыліся аказваць паслугі ў галіне нейрахірургіі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі і рэабілітацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта прадастаўляе дадатковыя магчымасці для ўмацавання сувязей з дзяржавамі на ўсіх кантынентах.

Прэзідэнт Беларусі прыняў даверчыя граматы паслоў 12 дзяржаў: Грузіі, Егіпта, Ісландыі, Казахстана, Камбоджы, Калумбіі, Кубы, Малайзіі, Мальты, Нігерыі, Таджыкістана, Харватыі.

Аб Казахстане

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны Беларусі і Казахстана маюць стратэгічны характар і грунтуюцца на ўзаемным даверы і адкрытасці. Яркім пацвярджэннем таго стаў нядаўні візіт Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь, падпісаны маштабны дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года, які ў бліжэйшы час дасць магчымасць выйсці на новы ўзровень двухбаковых адносін.

Аб Таджыкістане

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Таджыкістан быў і застаецца для Беларусі дружалюбнай дзяржавай, надзейным партнёрам. Сумесныя праекты далі магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень гандлю, усё больш актыўную дынаміку набывае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.

"Перакананы, што пералічаныя фактары разам з паслядоўнай рэалізацыяй дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе візіту Прэзідэнта Таджыкістана ў Беларусь, які адбыўся ў канцы 2017 года, паслужаць трывалым фундаментам для далейшага развіцця міждзяржаўнага дыялогу і росту тавараабароту паміж нашымі краінамі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Не пабаюся сказаць, відаць, гэты год стане для нас не проста вызначальным, а новым крокам наперад. Прытым значным крокам у развіцці адносін з гэтай дружалюбнай для нас краінай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Грузіі

Беларускі лідар падкрэсліў, што апошнім часам адносіны з Грузіяй набылі ўстойлівы характар: "Мы актыўна супрацоўнічаем у самых розных сферах, і ўжо ёсць першыя паспяховыя прыклады вытворчай кааперацыі. Зусім нядаўна, літаральна 5-7 гадоў таму, мы не ведалі наогул, як выбудаваць лагістыку ў гандлі з Грузіяй. Сёння мы ведаем усё, умеем і будзем гэта рабіць".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў бягучым годзе запланаваны візіт на вышэйшым узроўні ў Грузію.

Аб Мальце

Беларусь зацікаўлена ў развіцці палітычных, эканамічных, турыстычных і іншых сувязей з Мальтай. "Спадзяёмся на дасягненне ўстойлівай дадатнай дынамікі ў гандлі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аб Харватыі

Беларусь таксама гатова да пашырэння ўсяго спектра адносін з Харватыяй. "Важна паслядоўна праводзіць сумесную работу бізнес-колаў у мэтах нарошчвання тавараабароту, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Абедзве краіны маюць для гэтага неабходны патэнцыял", - упэўнены беларускі лідар.

Аб Ісландыі

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадоўжыць удзяляць увагу ўзаемадзеянню з Ісландыяй. "Лічым неабходным надаць больш збалансаваны характар тавараабароту паміж нашымі краінамі. Мы зацікаўлены ў стварэнні адпаведнай двухбаковай дагаворна-прававой базы і разглядзе пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс", - сказаў ён.

Аб Камбоджы

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь можа ў значнай ступені задаволіць патрэбнасці эканомікі Камбоджы, якая  дынамічна развіваецца. "Мы прапануем актывізаваць супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у сферах адукацыі, навукі і культуры. Айчынныя прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у праектах развіцця транспартнай і энергетычнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў на тэрыторыі Камбоджы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аб Малайзіі

Гэту краіну Аляксандр Лукашэнка назваў перспектыўным партнёрам Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі, аднак пакуль двухбаковае супрацоўніцтва можна ахарактарызаваць як поле нерэалізаваных магчымасцей. "Магчымасці вельмі шырокія. Важна стварыць умовы для сумесных эканамічных ініцыятыў, пашырэння навукова-тэхнічных і гуманітарных сувязей. Здаровы прагматызм, узаемная выгада павінны стаць асновай нашага партнёрства на доўгатэрміновую перспектыву", - упэўнены Прэзідэнт.

Аб Егіпце

"Адносіны паміж Беларуссю і Егіптам маюць асаблівы характар. Менавіта аб гэтым мы гаварылі роўна год таму ў Каіры з маім сябрам Прэзідэнтам аль-Сісі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што бакі дамовіліся значна рушыць наперад у рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нарасціць знешні гандаль, намецілі перспектыўныя напрамкі ў галіне навукі і адукацыі. "І за гэты час мы паспяхова гэта ажыццявілі. Да візіту ў адказ Прэзідэнта Егіпта, якога з нецярпеннем тут чакаюць, мы падыдзем з важкімі вынікамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб Нігерыі

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў паглыбленні рознабаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Нігерыяй.

"Задача на сённяшні дзень - надаць канкрэтны імпульс развіццю гандлёва-эканамічных і гуманітарных кантактаў. Разлічваем на тое, што дзейнасць новага пасла Нігерыі будзе садзейнічаць значнаму прагрэсу ў двухбаковых адносінах, захоўваючы і развіваючы ўсё пазітыўнае, што было набыта раней", - заявіў Прэзідэнт.

Аб Кубе

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь высока цэніць узровень узаемаразумення з Кубай, сваім верным саюзнікам. "Гэта надзейны плацдарм для наладжвання сувязей з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі. Мы прадоўжым аказваць Кубе ўсямернае садзейнічанне ў пашырэнні яе палітычных і эканамічных інтарэсаў у нашым рэгіёне", - запэўніў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць наведаць Кубу. "Упэўнены, што работа па ўмацаванні дружбы, якая звязвае два нашы братэрскія народы, атрымае новы імпульс", - дадаў ён.

Аб Калумбіі

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў пазітыўную дынаміку росту двухбаковага тавараабароту з Калумбіяй. У якасці перспектыўных напрамкаў дзейнасці ён вылучыў пастаўку беларускіх станкоў, тавараў хімічнай прамысловасці, фармацэўтыкі, оптыка-электроннай прадукцыі, сельгастэхнікі і пасажырскага транспарту.

"Беларусь зацікаўлена ў наладжванні вытворчай кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў па зборцы сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі. У нашых агульных інтарэсах - актыўна развіваць супрацоўніцтва па ўсім комплексе пытанняў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс