24 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Арлоўская вобласць з'яўляецца адным з самых надзейных і перспектыўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Вадзімам Патомскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што тавараабарот у апошнія гады ў грашовым выражэнні, як і ўсюды, падае. На думку Прэзідэнта, візіт губернатара з'яўляецца сведчаннем, што бакі "поўныя рашучасці навярстаць упушчанае".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на падабенства эканамічнага ладу Беларусі і Арлоўскай вобласці. "Як Беларусь, так і Арлоўшчына зарабляюць свае грошы розумам і працай людзей", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі і Арлоўскай вобласці ёсць добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў такіх сферах, як сельская гаспадарка, прамысловасць, у тым ліку горназдабыўная, машынабудаванне, будаўніцтва.
Гаворачы аб сферы АПК, кіраўнік дзяржавы адзначыў узаемны інтарэс бакоў да ўзаемадзеяння ў гэтай галіне. Так, Беларусь гатова пастаўляць увесь набор сельгастэхнікі. У сваю чаргу для беларускіх аграрыяў цікавы вопыт Арлоўскай вобласці па развіцці свінагадоўлі.
Беларускі бок гатовы да рэалізацыі інфраструктурных праектаў.
"Словам, мы гатовы дзяліцца вопытам з вамі. І ў вас шмат добрых пачынанняў, яны нам вельмі спатрэбяцца", - падкрэсліў Прэзідэнт.