25 ліпеня, Ветка /Кар. БЕЛТА/. XXXII летнія Алімпійскія гульні ў Токіа будуць строгім экзаменам для беларускага спорту. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання блока плавальных басейнаў Веткаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Веткаўскі раён - адзін з пацярпелых рэгіёнаў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, таму аздараўленню насельніцтва тут удзяляецца асаблівая ўвага. "Каб прыцягнуць насельніцтва да фізічнай культуры і спорту, вядома, неабходны ўмовы. Усяго ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі, дзейнічаюць 574 спартыўныя аб'екты", - расказаў кіраўніку дзяржавы першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў. У мінулым годзе ў Ветцы ўвялі ў эксплуатацыю блок плавальных басейнаў.
Прэзідэнт адзначыў, што спартыўныя аб'екты ў гарадах, у тым ліку і ў Ветцы, павінны выкарыстоўвацца не толькі для заняткаў фізкультурай, але і для адбору і падрыхтоўкі спартсменаў. "Мы ж ствараем, грошы трацім вялікія. Мы хоць па адным зернетку адсюль нешта маем? - спытаў ён. - Няхай вас не супакойваюць Еўрапейскія гульні. Токіа на носе. Гэта для вас усіх будзе самы строгі экзамен".
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з добраўпарадкаваннем басейнаў і дапаможных памяшканняў, наведаў трэніроўку выхаванцаў спартыўнай школы.
Блок плавальных басейнаў у Ветцы ўвялі ў эксплуатацыю ў маі 2018 года. Ён знаходзіцца на балансе мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Спартыўны аб'ект уяўляе сабой двухпавярховы будынак з дзвюма заламі басейнаў. На базе спартыўнай школы адкрыта 11 вучэбных груп пачатковай падрыхтоўкі з агульнай колькасцю навучэнцаў больш як 120 чалавек.