3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2016 годзе ў беларускай дзяржавы не ўсё атрымалася, але ўдалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы абавязкова пагаворым, як прайшоў 2016 год. Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур'ёзныя знешнія фактары - яны абсалютна вызначальныя, але многае мы не зрабілі самі. Гэта таксама трэба абмеркаваць. Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што разважанні аб стабільнасці - гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць.
"Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
На сённяшнім мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. "Але ў адным мы адзіныя - у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.