16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будзе зроблена ўсё магчымае для рэалізацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ ў самыя кароткія тэрміны, заявіў сёння журналістам сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік па выніках пасяджэння міжведамаснай экспертнай групы пры ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы звярнулі ўвагу, што прапановы БДІПЧ АБСЕ ў першую чаргу накіраваны на павышэнне галоснасці і празрыстасці выбарчага працэсу, і мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб яны былі рэалізаваны ў самыя кароткія тэрміны", - запэўніў Мікалай Лазавік. Размова ідзе аб тых рэкамендацыях, выкананне якіх не прадугледжвае ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, паколькі гэта запатрабуе даволі доўгага часу.
"Экспертная група прааналізуе ўсе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, вылучыць тыя, якія можна будзе прымяняць на практыцы ў час падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў, і гэтыя прапановы будуць рэалізаваны", - заўважыў сакратар ЦВК.
Гаворачы аб магчымай сустрэчы членаў міжведамаснай экспертнай групы пры Цэнтрвыбаркаме і прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ, Мікалай Лазавік звярнуў увагу, што гэта будзе залежаць у першую чаргу ад АБСЕ. "Мы стварылі самадастатковую экспертную групу, тут вельмі дасведчаныя спецыялісты, юрысты самай высокай кваліфікацыі, і мы можам прааналізаваць і выпрацаваць неабходныя меры па рэалізацыі рэкамендацый. Калі яны хочуць правесці ўзгодненую работу, мы будзем толькі вітаць. Мы згодны сустрэцца са спецыялістамі БДІПЧ АБСЕ як у Варшаве, так і ў Беларусі. Гэта залежыць, у першую чаргу, ад іх жадання і імкнення супрацоўнічаць", - запэўніў ён.
На пытанне аб даце правядзення маючых адбыцца парламенцкіх выбараў Мікалай Лазавік адказаў, што пакуль ніякіх прапаноў наконт гэтага не паступала. "Значыць, дзейнічае канстытуцыйная норма, і мы арыентуемся на дату 11 верасня", - сказаў ён.
Кіраўнік міжведамаснай экспертнай рабочай групы, якая створана гэтымі днямі, - член ЦВК Беларусі Алена Дмухайла. Таксама ў групу ўвайшлі: начальнік упраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі Ігар Галубіцкі, намеснік начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва - начальнік аддзела АБСЕ і Савета Еўропы МЗС Андрэй Ярошкін, начальнік экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Міхаіл Капыльскі, начальнік упраўлення прававой і кадравай работы Міністэрства інфармацыі Вікторыя Мялешка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Лілія Мароз, загадчыца аддзела дзяржаўнага і міжнароднага права Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Галіна Арлова, галоўны саветнік аддзела канстытуцыйнага права ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Аляксандр Пестуноў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў, начальнік галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Ганна Шпак.