15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь надае вялікае значэнне ўзаемадзеянню з АБСЕ, заявіла сёння намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына на семінары, арганізаваным офісам прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь надае вялікае значэнне дыялогу з АБСЕ, свайму ўдзелу ў дзейнасці ў гэтай важнай рэгіянальнай арганізацыі, а таксама ўзаемадзеянню з яе інстытутамі", - сказала намеснік міністра. Паводле яе слоў, у АБСЕ накоплены велізарны экспертны вопыт, які можна, у прыватнасці, выкарыстоўваць для ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства.
"Хацела б пацвердзіць гатоўнасць беларускага боку да прадаўжэння адкрытага, зацікаўленага, канструктыўнага дыялогу з прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ", - падкрэсліла Алена Купчына.
У сваю чаргу прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч адзначыла, што сёлетні семінар з удзелам супрацоўнікаў масмедыя і праваахоўных органаў - гэта вынік канструктыўнага падыходу да пытанняў свабоды СМІ. Дунья Міятавіч выказала надзею, што семінар павысіць узровень ведаў журналістаў. Пры гэтым прадстаўнік АБСЕ падкрэсліла, што журналісты павінны выконваць прынцып неўмяшання ў падзеі, якія яны асвятляюць.
Сённяшні семінар - далёка не першы прыклад паспяховага ўзаемадзеяння беларускага боку і прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. Гэта своеасаблівы працяг семінара-трэнінгу па пытаннях развіцця анлайн-журналістыкі, які праходзіў у 2013 годзе.
Семінар прысвечаны ўзаемадзеянню СМІ і праваахоўнікаў і праводзіцца АБСЕ пры падтрымцы МЗС Беларусі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|