13 мая, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Крэдытныя рэсурсы Кітая для Беларусі камфортныя па тэрмінах і кошце. Аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй праўлення Дзяржаўнага банка развіцця Кітая Ху Хуайбанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што на гэты момант у стадыі выканання знаходзяцца чатыры крэдытныя пагадненні на суму больш як $800 млн. "Крэдытныя рэсурсы, якія прадастаўляе кітайскі бок, для нас камфортныя як па тэрмінах, так і па кошце", - сказаў прэм'ер-міністр.
Актыўная стадыя супрацоўніцтва Беларусі з Дзяржаўным банкам развіцця Кітая настала з 2009 года. У верасні 2014 года бакі пачалі прапрацоўку новага механізма прыцягнення доўгатэрміновых фінансавых рэсурсаў, нагадаў Андрэй Кабякоў. Размова ідзе аб адкрыцці Дзяржаўным банкам развіцця Кітая 15-гадовых крэдытных ліній для двух найбуйнейшых беларускіх банкаў, Банка развіцця і Беларусбанка, на агульную суму да $1 млрд.
У час візіту ў Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна Банк развіцця Беларусі, Беларусбанк і Дзяржаўны банк развіцця Кітая падпісалі новае крэдытнае пагадненне. "Мэта новага механізма - прадастаўленне беларускім арганізацыям доўгіх рэсурсаў пад камфортную стаўку для рэалізацыі эфектыўных інвестпраектаў. Пры гэтым значна спрошчаны працэдуры атрымання", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада. Паводле слоў Андрэя Кабякова, беларускі бок вельмі разлічвае, што новы ўзровень крэдытнага супрацоўніцтва з Дзяржаўным банкам развіцця Кітая паслужыць на карысць абедзвюм краінам. Акрамя таго, Беларусь гатова да абмеркавання далейшых планаў па развіцці супрацоўніцтва ў гэтай сферы.
Сустрэча кіраўніцтва беларускага ўрада і Дзяржаўнага банка развіцця Кітая праходзіць пасля завяршэння візіту ў Беларусь Старшыні КНР. "Мы прадаўжаем працаваць. Думаю, той рытм, які задалі кіраўнікі дзяржаў, тыя патрабавальнасць і настойлівасць вызначаць нашу далейшую сумесную работу на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Ён дадаў, што візіт Старшыні КНР у Беларусь быў па-сапраўднаму гістарычным, і выказаў упэўненасць, што вельмі хутка грамадзяне Беларусі і Кітая адчуюць яго канкрэтныя вынікі.
Ху Хуайбан у сваю чаргу адзначыў, што паміж КНР і Беларуссю ўстанавіліся адносіны, якія характарызуюцца высокім узроўнем узаемнага даверу. Ён падкрэсліў, што падзяляе меркаванне наконт высокай значнасці візіту ў Беларусь Сі Цзіньпіна.
Беларусь і Кітай у час візіту Сі Цзіньпіна падпісалі каля 50 пагадненняў і мемарандумаў, пачынаючы ад дагавора аб дружбе і заканчваючы міжбанкаўскім пагадненнем. Партфель дамоўленасцей складае амаль $18 млрд.