22 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Кіраўнік МЗС Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі выказаў гатоўнасць вырашаць пытанні ў адносінах з Беларуссю, а не палітызаваць іх. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы ў Мінску з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Новы польскі ўрад лічыць, што з суседзямі трэба жыць добра, трэба вырашаць праблемы, калі яны існуюць, - сказаў Вітальд Вашчыкоўскі. - Я шмат разоў гаварыў аб тым, што трэба сяброў шукаць паблізу".
Ён адзначыў, што хацеў бы пачаць дыялог з беларускім бокам па пытаннях добрасуседскіх адносін, рэгіянальных, а таксама агульнаеўрапейскіх, якія датычацца дзвюх краін. Кіраўнік МЗС Польшчы прапанаваў абмеркаваць і складаныя пытанні двухбаковых адносін, у прыватнасці, якія датычацца гістарычнага дыялогу, правоў чалавека, польскіх меншасцей у Беларусі. "Гэтыя пытанні мы будзем абмяркоўваць і вырашаць у прагматычным ключы з тым, каб іх вырашаць, а не палітызаваць", - сказаў міністр замежных спраў Польшчы.