5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны СМІ ў Беларусі павінен стаць мультымедыйным цэнтрам. Аб гэтым сёння журналістам заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мінінфарм правёў ужо шэраг абласных семінараў, звязаных з роляй мясцовых СМІ ў сацыяльна-эканамічным развіцці розных рэгіёнаў. "Лічым, што кожная рэдакцыя, нават раённая газета павінна стаць своеасаблівым медыйным, мультымедыйным цэнтрам, дзе будуць выкарыстоўвацца розныя тэхналогіі ў адносінах з чытачом", - падкрэсліў міністр.
Сёння ў Мінску праходзіць калегія Мінінфарма аб выніках работы ў 2017 годзе і задачах на 2018-ы. Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што асноўныя пасылы для развіцця галіны прагучалі з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Так, Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікую колькасць выклікаў, звязаных з электроннымі тэхналогіямі, і заклікаў медыя выкарыстоўваць іх з карысцю.