14 красавіка, Стамбул /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Казахстан прапануе Беларусі актыўна выкарыстоўваць яго транспартную структуру для гандлю з Кітаем. Аб гэтым сёння было заяўлена на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, што прайшла ў Стамбуле на палях саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лідары дзвюх краін мелі магчымасць для абмеркавання розных пытанняў не толькі ў ходзе гэтай сустрэчы, але і ў кулуарах міжнароднага форуму. "Мы з вамі правялі ўжо доўгія перагаворы, абмеркавалі праблемы як міжнародныя, так і мясцовыя, дамовіліся аб вашым візіце ў Беларусь і маім прыездзе ў Казахстан", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, маючыя адбыцца сустрэчы на вышэйшым узроўні дадуць магчымасць сур'ёзна прааналізаваць праблемныя моманты, якія ўзнікаюць пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу. "Сённяшняя сустрэча - гэта крок да таго, каб абмяркоўваць гэтыя пытанні і праблемы", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Нурсултана Назарбаева з удачным выступленнем на саміце, адзначыўшы вялікі інтарэс да меркавання постсавецкіх мусульманскіх рэспублік.
У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў выказаў задавальненне магчымасцю сустрэцца. Паводле яго слоў, развіццё эканамічных адносін паміж краінамі ідзе добрымі тэмпамі. Больш таго, Беларусь і Казахстан з'яўляюцца членамі Еўразійскага эканамічнага саюза і АДКБ. "Таму любая сустрэча для нас карысна", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.
Ён расказаў, што ў канцы мая ў Астане плануецца мерапрыемства на вышэйшым узроўні ў фармаце ЕАЭС. "Думаю, у нас там будзе асобная сустрэча, магчымасць зверыць гадзіннікі. Мы - брацкія краіны, у нас агульныя мэты, агульныя памкненні і саюзнікі", - падкрэсліў Нурсултан Назарбаеў.
Асобна ён акцэнтаваў увагу на добрых перспектывах для Беларусі па выкарыстанні транспартнай інфраструктуры Казахстана для развіцця гандлёвых адносін з Кітаем. Нурсултан Назарбаеў растлумачыў, што за апошні час многае зроблена для развіцця гэтай сферы, што значна паскарае дастаўку грузаў.