У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

19 Лют 2019

Касцевіч: бясплатнае ЭКА - правільны крок, і да гэтага трэба рухацца

Касцевіч: бясплатнае ЭКА - правільны крок, і да гэтага трэба рухацца

19 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч лічыць прадастаўленне магчымасці бясплатнага правядзення адной спробы ЭКА правільным крокам. Аб гэтым яна заявіла журналістам па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы аб дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне і ўдасканаленні мер падтрымкі сем'яў з дзецьмі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ірына Касцевіч пачала са статыстыкі, адзначыўшы, што ў 2015 годзе ў Беларусі быў зарэгістраваны пік нараджальнасці: на свет з'явіліся каля 120 тыс. дзяцей. Але пасля гэтага нараджальнасць паступова стала зніжацца. Так, у мінулым годзе нарадзіліся менш як 95 тыс. дзяцей. На 1 студзеня 2019 года колькасць насельніцтва ў Беларусі склала амаль 9,476 млн чалавек.

"Што датычыцца нараджальнасці, цяпер прыйшло малаколькаснае пакаленне 1990-х. Па гэтай прычыне ў нас скарачаецца патэнцыял жанчын дзетароднага ўзросту, - звярнула ўвагу яна. - Вядома, трэба нарошчваць і інтэнсіўнасць нараджэння дзяцей. Але гэта перш за ўсё спрыяльныя ўмовы: стабільная эканоміка, жыллё і адпаведнае матэрыяльнае становішча сем'яў. І ў гэтым напрамку мы будзем працаваць".

Паводле слоў міністра, удзельнікі нарады разгледзелі прычыны зніжэння нараджальнасці ў краіне і даволі высокай смяротнасці, удасканаленне мер па дзяржаўнай падтрымцы сем'яў з дзецьмі. Абмяркоўвалася забеспячэнне шматдзетных сем'яў жыллём, удасканаленне праграмы сямейнага капіталу, прадастаўленне дадатковых пенсійных гарантый і іншыя варыянты падтрымкі.

Ірына Касцевіч лічыць, што падтрымка грамадзян у гэтай сферы сёння даволі маштабная, аднак яе трэба ўдасканальваць. Паводле яе слоў, у цэлым на ўсе віды дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, у 2018 годзе было зрасходавана амаль Br2,2 млрд, гэта 1,8 працэнта ад ВУП. "Паводле ацэнкі экспертаў, пад 5 працэнтаў ВУП расходуецца наогул на падтрымку сям'і: гэта і сямейны капітал, і жыллёвае будаўніцтва, і ахова здароўя, і адукацыя - тыя льготы, якія сёння прадастаўлены. Таму сам маштаб падтрымкі сям'і сапраўды адчувальны", - сказала яна.

На нарадзе таксама разглядалася магчымасць прадастаўлення сем'ям адной бясплатнай спробы правядзення ЭКА. "Як міністэрства мы за. Гэта дасць магчымасць атрымаць дадаткова ад 1,5 тыс. да 2 тыс. дзяцей - добрых, здаровых дзяцей, грамадзян Рэспублікі Беларусь. Чаму б не рухацца ў гэтым напрамку? Правільны крок, і да гэтага трэба рухацца", - лічыць міністр.

Як стала вядома пасля мерапрыемства, напярэдадні нарады губернатары сустракаліся са шматдзетнымі сем'ямі, закраналіся пытанні дэмаграфіі і падтрымкі сем'яў у час прыёму грамадзян, вызначалі найбольш вострыя пытанні, якія сёння хвалююць людзей у гэтай сферы. Аб чым і праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку.

Выказаныя ў час нарады ініцыятывы ад урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, розных міністэрстваў і кіраўнікоў рэгіёнаў былі ўспрыняты кіраўніком дзяржавы, аднак пакуль засталіся на ўзроўні прапаноў. Кіраўнік дзяржавы даручыў сістэматызаваць усе напрацоўкі, правесці рэвізію льгот і яшчэ раз абмеркаваць гэту тэму на Прэзідыуме Савета Міністраў. Губернатарам жа даручана заняцца гэтай праблематыкай на месцах з абавязковым прыцягненнем грамадзян, асабліва тых, каго датычацца або могуць закрануць прынятыя і плануемыя меры.

"Вядома ж, неабходна зрабіць сур'ёзную інвентарызацыю ўсіх дапамог, ільгот і гарантый, якія сёння прадастаўляюцца дзяржавай для сем'яў. Паглядзець, што сёння працуе, што эфектыўна. Можа, ёсць шэраг дапамог, якія неабходна мадэрнізаваць і павялічыць", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Дапрацаваныя прапановы разгледзяць на чарговай нарадзе ў Прэзідэнта, пасля чаго будзе прымацца канчатковае рашэнне.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску