У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

27 Кст 2015

Карачэўскі: II Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі замацуе традыцыю школы-лабараторыі

Карачэўскі: II Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі замацуе традыцыю школы-лабараторыі

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. II Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі, які пройдзе ў Мінску з 19 па 26 лістапада, замацуе традыцыю тэатральнай школы-лабараторыі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар выканаўчай дырэкцыі II Маладзёжнага тэатральнага форуму краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі.

Праведзены ў Кішынёве ў 2012 годзе I Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі стаў не толькі аглядам сучаснага стану тэатра, але і даў пачатак традыцыі супрацоўніцтва творчых каманд з розных краін. Як адзначыў Уладзімір Карачэўскі, галоўная ідэя арганізацыі тэатральнага форуму краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі - прадставіць лепшыя работы рэжысёраў, чый узрост не перавышае 35 гадоў. Аднак конкурсная праграма, у якой у бягучым годзе будуць канкурыраваць 13 спектакляў з 13 краін (Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана, Узбекістана, Латвіі, Літвы, Эстоніі), - не адзіны важны складнік тэатральнага тыдня.

Маладзёжны тэатральны форум арганізуе конкурсы рэжысёраў, тэатральных мастакоў і драматургаў. Лепшыя работы мастакоў будуць экспанавацца на выстаўцы. Падрыхтаваны альбом, які прадставіць маладых мастакоў-сцэнографаў. Зборнік п'ес маладых драматургаў чакае сваёй прэзентацыі ў час форуму.

Акрамя паказу спектакляў на вядучых тэатральных сцэнах Мінска (Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Тэатра юнага гледача) пройдуць мерапрыемствы так званай тэатральнай школы-лабараторыі: адбудуцца майстар-класы, семінары, "воркшопы", круглыя сталы, чытанні, сустрэчы з вядомымі тэатральнымі дзеячамі. Акрамя таго, цікавая работа чакае маладых тэатральных крытыкаў, пляцоўка форуму стане месцам сустрэчы, сумеснага абмеркавання пастановак.

Вынікам творчага спаборніцтва на першым форуме стаў спектакль РТБД "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў". Ён створаны ў 2013 годзе. Пры садзейнічанні Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў Шаміль Дыйканбаеў ажыццявіў пастаноўку п'есы сучаснага беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Спектакль атрымаў шырокі рэзананс у Беларусі, а таксама міжнародны фестывальны поспех. Ён прымаў удзел у фестывалі "Славянскія тэатральныя сустрэчы" ў Бранску ў 2014 годзе. У бягучым годзе спектакль пасля трыумфальнага паказу на міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П.Чэхава ў Маскве быў цёпла прыняты на радзіме рэжысёра ў Бішкеку (Кыргызстан).

Чакаецца, што ў мерапрыемствах форуму прымуць удзел больш за 200 гасцей.

Свята тэатральнага мастацтва, якім з'яўляецца маладзёжны творчы форум, Мінск прымае невыпадкова. Пераможцам першага форуму тры гады таму стала менавіта Беларусь. Тады спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Офіс" атрымаў лаўры трыумфатара.

II Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі праходзіць у Мінску па рашэнні Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва і Міністэрства культуры Беларусі. Арганізатарамі таксама з'яўляюцца Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску