15 сакавіка, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Канцэрн AIRBUS GROUP зацікаўлены ў супрацоўніцтве з НАН Беларусі ў галіне касмічных тэхналогій, паведаміў сёння журналістам віцэ-прэзідэнт канцэрна па рэгіёне Усходняй Еўропы Жак Гарыг, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта мой першы візіт у Беларусь, і я вельмі ўражаны, у тым ліку і наведваннем Нацыянальнай акадэміі навук. Асабліва работай вучоных у галіне касмічных тэхналогій. AIRBUS зацікаўлены ў вывучэнні той экспертызы, якая існуе ў гэтай сферы ў Беларусі, каб выпрацаваць магчымыя варыянты супрацоўніцтва", - адзначыў ён.
Жак Гарыг падкрэсліў, што пакуль рана гаварыць аб канкрэтных праектах, над якімі AIRBUS і НАН Беларусі будуць працаваць разам. "Пакуль цяжка гаварыць аб нейкіх канкрэтных тэхнічных варыянтах супрацоўніцтва, але можна адзначыць, што канцэрн у цэлым зацікаўлены ў аднаўленні дыялогу з беларускім урадам і профільнымі міністэрствамі, у тым ліку і МНС, па розных напрамках", - канстатаваў ён.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў выказаў зацікаўленасць у сумеснай рабоце з канцэрнам AIRBUS GROUP у галіне касмічных даследаванняў. "Акрамя таго, нас цікавіць супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй у частцы лятальных апаратаў, у тым ліку і дырыжабляў. Таксама лічу, што AIRBUS зацікаўлены ў выкарыстанні інфармацыі з нашага спадарожніка, паколькі мы можам даць самую апошнюю інфармацыю па дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі", - адзначыў ён.
Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што Беларусь супрацоўнічае ў галіне касмічных даследаванняў з шэрагам дзяржаў, у тым ліку Расіяй, Кітаем, В'етнамам. "Пры гэтым мы будзем рады наладзіць трывалыя двухбаковыя сувязі і з кампаніяй AIRBUS", - рэзюмаваў ён.
AIRBUS - адна з найбуйнейшых авіябудаўнічых кампаній у свеце, утвораная ў канцы 1960-х гадоў шляхам зліцця некалькіх еўрапейскіх авіявытворцаў. У выніку рэбрэндынгу з 2014 года канцэрн мае назву AIRBUS GROUP. Штат супрацоўнікаў канцэрна складае каля 139 тыс. чалавек і сканцэнтраваны ў асноўным у чатырох еўрапейскіх краінах: Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі. У цэлым кампанія прадстаўлена ў 35 краінах свету.