29 мая, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь высока цэніць і імкнецца шырока выкарыстоўваць у эканоміцы тэхнічную дапамогу Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка ў рабоце нацыянальнай грашова-крэдытнай сістэмы і эканомікі краіны ў цэлым. Аб гэтым сёння заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур на адкрыцці пасяджэння групы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы МВФ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Павел Калаур падкрэсліў, што супрацоўніцтва з калегамі з МВФ і Сусветнага банка мае патэнцыял для пашырэння, і Беларусь мае намер зрабіць актыўныя захады па яго рэалізацыі.
Пасяджэнне групы праходзіць у няпросты для ўсёй сусветнай эканомікі перыяд, адзначыў старшыня праўлення Нацбанка. "Высокая валацільнасць на таварных і сыравінных рынках у спалучэнні з нявырашанымі даўгавымі праблемамі нясуць у сабе істотныя рызыкі для росту сусветнай эканомікі ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Пры гэтым неабходна прызнаць, што ні адна з краін не можа адна процістаяць бягучым выклікам", - сказаў Павел Калаур.
Глабалізацыя і інтэграцыйныя працэсы ў сусветнай эканамічнай сістэме абумоўліваюць высокую залежнасць нацыянальных эканомік адна ад адной, дадаў ён. "У гэтых умовах эфектыўнасць работы дасягаецца з дапамогай эканамічнага і тэхналагічнага супрацоўніцтва, а таксама міжнароднага гандлю, што падштурхоўвае дзяржаву да лібералізацыі і адкрытасці да знешняга свету. Гэтай стратэгіі мае намер прытрымлівацца і Беларусь, - падкрэсліў Павел Калаур. - Адным з прыярытэтаў эканамічнай палітыкі краіны сталі шматвектарнасць, накіраванасць на глабальную і рэгіянальную інтэграцыю, а таксама актыўнае ўзаемадзеянне з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі".
Павел Калаур падзякаваў кіраўніцтву групы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы МВФ за падтрымку прапановы правесці пасяджэнне ў Мінску. "Мы высока цэнім аказаны давер і выказваем надзею, што знаходжанне ў нашай краіне пакіне добрае ўражанне. Мяркуем, што намечаныя да разгляду тэмы актуальныя і іх абмеркаванне дасць карысны тэарэтычны і практычны матэрыял усім удзельнікам пасяджэння", - сказаў кіраўнік Нацбанка. Брэтан-вудскія ўстановы імкнуцца выступаць цэнтральным каардынуючым звяном па вырашэнні ключавых міжнародных эканамічных праблем, прадоўжыў Павел Калаур. Высокі аўтарытэт, інтэлектуальны і фінансавы патэнцыял, якія яны маюць, дазваляюць выконваць гэту ключавую задачу, адзначыў ён. "Беларусь падтрымлівае прынятыя МВФ рашэнні, накіраваныя на ўдасканаленне фінансавых інструментаў і рэфармаванне сістэмы кіравання. У сувязі з гэтым мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час удасца завяршыць працэс чатырнаццатага перагляду квот і рэформы савета дырэктараў, што дасць магчымасць умацаваць фінансавую ўстойлівасць фонду, а таксама аб'ектыўна павысіць прадстаўніцтва краін, якія сталі на шлях развіцця, і краін з пераходнай эканомікай у асноўных інстытутах сучаснай фінансавай сістэмы свету", - сказаў на заканчэнне старшыня праўлення Нацыянальнага банка.
Як паведамлялася, у канцы мая ў Мінску праходзіць штогадовая сустрэча прадстаўнікоў МВФ у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а таксама пасяджэнне Бельгійскай групы Сусветнага банка на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў.