10 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Урад выкарыстоўвае ўсе магчымыя падыходы для паляпшэння эканамічнай палітыкі ў дзяржаве. Аб гэтым па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па актуальных пытаннях развіцця эканомікі заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усе тыя падыходы, якія магчымы для паляпшэння эканамічнай палітыкі ў дзяржаве, зразумела, урад выкарыстоўвае. Проста ёсць шэраг прапаноў, да якіх урад ставіцца з насцярожанасцю. Ёсць шэраг іншых прапаноў, якія мы актыўна рэалізуем", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, на нарадзе былі абмеркаваны ўсе магчымыя меры эканамічнай палітыкі, спосабы па дасягненні макраэканамічнай стабілізацыі, прыцягненні інвестыцый, дыверсіфікацыі фінансавых рынкаў. "Тэмы былі абмеркаваны, і ўрад, і Нацыянальны банк узялі гэтыя вынікі абмеркавання на заметку, і там, дзе гэта рэальна дасць магчымасць палепшыць сітуацыю, яны будуць рэалізоўвацца", - дадаў прэм'ер-міністр.
"Прэзідэнт вызначыў, што апошняе слова за ўрадам і Нацыянальным банкам, яны нясуць паўнату адказнасці за ажыццяўляемую эканамічную палітыку. Меркаванні, пажаданні і прапановы экспертаў, якія былі выказаны, павінны быць максімальна ўлічаны, але грашовую, эканамічную палітыку ў дзяржаве праводзяць урад і Нацыянальны банк. А Прэзідэнт і грамадства будуць ацэньваць выніковасць гэтай работы", - сказаў Андрэй Кабякоў.