28 красавіка, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва з'яўляецца магутным фундаментам беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Такое меркаванне выказаў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час сустрэчы з губернатарам Чалябінскай вобласці Расіі Барысам Дуброўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы заўсёды з вялікім інтарэсам і ўвагай ставімся да візітаў прадстаўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і кожны раз знаходзім усё больш і больш новых магчымасцей для супрацоўніцтва. Мы не раз гаварылі, што развіццё гандлёва-эканамічнага, культурнага і ўсіх іншых відаў супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі - гэта магутны фундамент беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Апошнім часам гандлёва-эканамічны абарот паміж Беларуссю і Чалябінскай вобласцю зменшыўся. "Тэндэнцыю скарачэння гэтага абароту мы павінны прадухіліць і пачаць уздым, рост", - сказаў Андрэй Кабякоў. Ён пералічыў шэраг перспектыўных для супрацоўніцтва напрамкаў. "Добрыя рэзервы ёсць у машынабудаванні, у сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўцы, нафтахіміі і шэрагу іншых напрамкаў. Мы павінны актыўна развіваць вытворча-тэхнічную і навукова-тэхнічную кааперацыю", - лічыць прэм'ер-міністр.
"Вы збіраецеся стварыць у сябе кластар станкабудавання. У нас ёсць холдынг "Белстанкаінструмент", які можа выканаць сур'ёзныя работы, і многія партнёры ў РФ гэтым карыстаюцца. Мы можам шмат зрабіць сумесна і атрымаць той прадукт, які будзе запатрабаваны не толькі ў Беларусі і Чалябінскай вобласці Расіі, але і на ўсёй прасторы СНД", - падкрэсліў прэм'ер-міністр. Беларусі ёсць што прапанаваць і ў сферы сельгасмашынабудавання, будаўніцтва, а таксама ў частцы перспектыўных навуковых распрацовак для сельскай гаспадаркі, дадаў ён.
Паводле слоў губернатара Чалябінскай вобласці, задачы, якія паставіў перад сабой расійскі бок перад пачаткам візіту, недастаткова маштабныя. "За час работы мы зразумелі, наколькі маштабныя магчымасці вашага машынабудавання, станкабудавання. Мы разумеем, што ўсе нашы планы можна рэалізаваць, таму што бачым рэальную зацікаўленасць беларускіх калег і з вялікім аптымізмам ацэньваем тыя сустрэчы, якія прайшлі", - падкрэсліў ён.
У ходзе сустрэчы бакі падпісалі план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і ўрадам Чалябінскай вобласці Расійскай Федэрацыі на 2015-2017 гады. Акрамя таго, падпісаны мемарандум аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Гомельскім райвыканкамам і Магнітагорскай гарадской акругай.