13 мая, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Развіццё адносін з Кітаем было і застаецца прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі Кітая Чжун Шанем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Развіццё адносін з Кітаем было і застаецца прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі і добрым прыкладам выбудоўвання раўнапраўных паважлівых і ўзаемавыгадных адносін паміж адной з буйнейшых дзяржаў свету і, няхай і адносна невялікай па еўрапейскіх мерках краінай, Рэспублікай Беларусь", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, Беларусь разглядае Кітай у якасці стратэгічнага партнёра, а сумесныя праекты як інструмент умацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічных, крэдытна-інвестыцыйных, навукова-тэхнічных і іншых галінах. Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што ўзровень адносін паміж дзвюма краінамі ўзняты да ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, сумеснай задачай з'яўляецца напоўніць заяўлены фармат узаемадзеяння канкрэтным зместам.
Кіраўнік беларускага ўрада канстатаваў, што нараўне з мноствам эканамічных праектаў, якія ўжо завершаны і прадаўжаюць рэалізоўвацца з удзелам кампаній з КНР, на першы план выходзіць стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Старшыня КНР Сі Цзіньпін у час свайго візіту ў Беларусь у маі 2015 года адзначыў гэты праект і вобразна назваў яго жамчужынай эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Для ўсіх удзельнікаў праекта будаўніцтва парка стала не толькі своеасаблівым брэндам, але і канкрэтнай мэтай", - растлумачыў Андрэй Кабякоў. Ён выказаў надзею, што гэты візіт кітайскай дэлегацыі для правядзення сёмага пасяджэння рабочай групы па пытаннях Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" прынясе значныя вынікі.