16 сакавіка, Казань /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь і Татарстан знайшлі ўзаемаразуменне па ўсіх узнятых пытаннях, заявіў 15 сакавіка журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы задаволены глыбінёй і грунтоўнасцю, патрабавальнасцю і дзелавой прынцыповасцю, з якой прайшлі перагаворы. Мы дасягнулі ўзаемаразумення практычна па ўсіх узнятых пытаннях. Няхай не складаецца ўражанне, што гэтыя пытанні былі простымі і лёгкімі. Былі і няпростыя пытанні, якія закраналі наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Але дзякуючы ўзважанай і грунтоўнай пазіцыі нашых партнёраў нам удалося вырашыць практычна ўсе пытанні", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік беларускага ўрада выказаў занепакоенасць зніжэннем гандлёва-эканамічнага абароту. "Але мы сёння вялі размову аб тым, што шырокая дыверсіфікацыя тавараабароту, рознабаковая накіраванасць з'яўляюцца залогам таго, што ў бліжэйшы час тыя аб'ёмы тавараабароту, якія крыху знізіліся, будуць не толькі адноўлены, але і перасягнуты", - сказаў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, Беларусь і Татарстан маюць добрыя перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў пашырэнні кааперацыйных сувязей, паляпшэнні дзейнасці сумесных зборачных вытворчасцей. "Мы абмеркавалі магчымасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у праграме абнаўлення парку сельскагаспадарчай тэхнікі. У Татарстане эксплуатуецца больш за 16 тыс. беларускіх трактароў і камбайнаў. Разлічваем на тое, што ў бліжэйшы час мы істотным чынам папоўнім гэты парк, таму што такая тэхніка мае патрэбнасць у абнаўленні і мадэрнізацыі", - канстатаваў кіраўнік беларускага ўрада.