18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў бачыць рэзервы для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне. Аб гэтым ён заявіў журналістам па выніках справаздачы Прэзідэнту ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках развіцця краіны ў першым квартале гэтага года і мерах па павышэнні эфектыўнасці эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што па выніках першага квартала многія паказчыі не былі выкананы, аднак рэзервы для эканамічнага росту ёсць. "У цэлым работа па выніках першага квартала нікога задаволіць не можа - ні кіраўніка дзяржавы, ні ўрад. Тым не менш магчымасці для паляпшэння сітуацыі ёсць", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Пры гэтым намецілася тэндэнцыя аднаўлення эканамічнага росту. "Паказчыкі сакавіка прыкметна адрозніваюцца ад таго, што было ў пачатку года. Наогул ёсць пазітыўныя перадумовы, намеціўся рост пэўных паказчыкаў, перш за ўсё валавога ўнутранага прадукту", - сказаў Андрэй Кабякоў.
"Рух у станоўчым напрамку ёсць, але, на жаль, яго пакуль менш, чым планавалася. Прэзідэнт сёння крытыкаваў урад за тое, што мы не ў поўнай меры рэалізоўваем рэзервы. Перш за ўсё гэта патрабаванне датычыцца зніжэння затрат і сабекошту прадукцыі, паколькі ў складаных эканамічных умовах суб'екты гаспадарання павінны максімальна рацыяналізаваць вытворчасць і скараціць расходы, каб быць канкурэнтаздольнымі і прадпрыемствы нармальна функцыянавалі", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.
На яго думку, пастаўленыя задачы складаныя, але выканальныя. "Дачакацца і перасядзець, нічога не робячы і патрабуючы танных крэдытаў і бюджэтных субсідый, не атрымаецца", - падкрэсліў прэм'ер-міністр. Дзяржава будзе выдзяляць фінансаванне толькі ў выпадках, калі гэта апраўдана. "Там, дзе гэта трэба, дзяржава падставіць плячо. Але ў пераважнай большасці выпадкаў дастаткова ўнутраных крыніц і рэсурсаў", - дадаў ён.
Кіраўнік урада нагадаў аб ваганнях курса беларускага рубля ў першым квартале і акцэнтаваў увагу, што гэта сітуацыя не выклікала ўсплёску дадатковага попыту на замежную валюту. "Адзін з важнейшых элементаў дэдаларызацыі ў тым, што мы сталі менш звяртаць увагі на курс долара, мераць гэтай адзінкай свае поспехі або няўдачы, а ў большай ступені - арыентавацца на ўласныя сілы", - адзначыў Андрэй Кабякоў.