1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) разлічвае на важкі ўклад Беларусі ў рэалізацыю дзіцячай палітыкі ў свеце. Аб гэтым заявіў 1 чэрвеня прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Сарвар у час спецыяльнага мерапрыемства "Партнёрства дзеля дзяцей", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе прадстаўнік ад Беларусі ўваходзіць у склад выканаўчага савета пры ЮНІСЕФ. Я спадзяюся, што Беларусь дзякуючы гэтаму назначэнню ўнясе свой важкі ўклад у рэалізацыю парадку дня, які датычыцца дзяцей на глабальным узроўні", - сказаў Рашэд Сарвар.
Ён таксама звярнуў увагу, што акрамя дзяржавы важнымі партнёрамі ЮНІСЕФ у краіне з'яўляюцца грамадзянская супольнасць і прыватныя кампаніі, паколькі яны ўносяць важкі ўклад у развіццё арганізацыі.
"У нас наладжаны цесныя сувязі і са спартыўнымі арганізацыямі. Мы рады, што падпісалі пагадненне аб партнёрстве з хакейным клубам "Дынама-Мінск". У нас наладжаны партнёрскія сувязі з Беларускай федэрацыяй футбола, Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Мы спадзяёмся заключыць такія ж пагадненні з іншымі прадстаўнікамі спартыўнага сектара Беларусі", - адзначыў прадстаўнік ЮНІСЕФ.
Мерапрыемства "Партнёрства дзеля дзяцей", якое было прымеркавана святкаванню Міжнароднага дня абароны дзяцей, прайшло ў Dipservice Hall. Яно было арганізавана Міністэрствам замежных спраў сумесна з Прадстаўніцтвам ЮНІСЕФ у Беларусі. Галоўнымі гасцямі свята сталі дзеці беларускіх і замежных дыпламатаў. Для дзяцей было падрыхтавана мноства конкурсаў і забаў, а таксама насычаная канцэртная праграма.