14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развітая інфраструктура садзейнічае папулярнасці зімовых відаў спорту ў моладзі, заявіў 13 лютага ў Нацыянальным аэрапорце Мінск намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык у час сустрэчы спартыўнай дэлегацыі, што вярнулася з XXVIII Сусветнай зімовай Універсіяды ў Алматы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
13 лютага вярнуліся ў Беларусі трэнеры і двухразовая чэмпіёнка Універсіяды па канькабежным спорце Марына Зуева, якая перамагла на горным катку "Медэа" на дыстанцыях 3000 м і 5000 м. Намеснік міністра адукацыі адзначыў значны ўклад прадстаўнікоў гэтага віду спорту ў поспех каманды.
"Зборная студэнтаў-спартсменаў Беларусі паказала трэці рэзультат па колькасці медалёў на Універсіядах за час выступлення незалежнай камандай. Мы змаглі заваяваць тры залатыя медалі, заняць дзявятае месца ў агульным заліку. Гэта сур'ёзны поспех беларускіх атлетаў. Вядома, не ўсе віды спорту былі прадстаўлены ў мацнейшых складах, кожная федэрацыя вырашае свае задачы ў час зімовага спартыўнага сезона. Але вельмі рады за канькабежны спорт. Тым больш напярэдадні чэмпіянату свету сярод студэнтаў па гэтым відзе спорту, які ў 2018 годзе пройдзе ў "Мінск-Арэне". Пагадненне аб гэтым з Міжнароднай федэрацый студэнцкага спорту ў нас ёсць. Адзначу, што зімовыя віды спорту, такія як канькабежны спорт, шорт-трэк, карыстаюцца папулярнасцю ў моладзі, гэтаму садзейнічае развітая інфраструктура, лядовыя арэны, якія працуюць у Беларусі", - расказаў Віктар Якжык.
Беларускія спартсмены на XXVIII Сусветнай зімовай Універсіядзе ў Алматы заваявалі шэсць узнагарод і занялі дзявятае месца. Два залатыя медалі на рахунку Марыны Зуевай, тры ўзнагароды (золата, серабро і бронза) у актыве гарналыжніцы Марыі Шканавай і сярэбраны медаль у лыжнай акрабатыцы заваяваў Арцём Башлакоў.