У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

29 Чэр 2018

Гісторыя "Трасцянца" вельмі доўга была белай плямай у памяці Заходняй Еўропы - Прэзідэнт Аўстрыі

Гісторыя

29 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Гісторыя "Трасцянца" і яго ахвяр вельмі доўга была белай плямай на карце памяці Заходняй Еўропы. Аб гэтым заявіў Федэральны Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен, выступаючы на мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Людзі ведаюць "Асвенцім", і гэта важна. Але на фоне "Асвенціма" на задні план часта адыходзяць назвы іншых, не менш жахлівых месцаў. І існуе небяспека, што забыццё назваў канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці можа прывесці да страты памяці аб незлічоных ахвярах і гіганцкіх маштабах знішчэння. Нацыянал-сацыялісты стварылі сетку тэрору, якая накрыла ўсю Еўропу. Веды аб гэтым мы павінны ў нашых жа ўласных інтарэсах захаваць у калектыўнай памяці Еўропы як перасцярогу", - заявіў Аляксандр Ван дэр Белен.

Паводле яго слоў, цяпер мае месца пераломны момант часу, адыходзяць людзі, якія перажылі буйнейшую катастрофу XX стагоддзя. "І калі аднойчы апошнія відавочцы змоўкнуць, трэба, каб былі месцы памяці, якія маглі б гаварыць замест іх. Усіх ахвяр нацыянал-сацыялістычнага тэрору аб'ядноўвае адно - яўрэяў, камуністаў або асоб, знішчаных па іншых прычынах, - усе яны былі людзьмі, якія зведалі асабліва жорсткае ганенне", - падкрэсліў Федэральны Прэзідэнт.

Аляксандр Ван дэр Белен адзначыў, што нацысцкая Германія прычыніла Беларусі і яе насельніцтву неапісальныя пакуты. Аднак і Аўстрыя, якая стала ў 1938 годзе часткай германскага рэйху, знаходзілася, як і Германія, пад уладай ідэй нацыянал-сацыялізму. "Нацыянал-сацыялізм і халакост як у Аўстрыі, так і ў Германіі - частка гісторыі кожнай сям'і. Гэта значыць, што большасць людзей у той ці іншай ступені сутыкнуліся з гэтымі з'явамі. Па прычыне злачыннага саўдзелу або тады, калі яны самі ці іх родныя сталі ахвярамі ганенняў. Работа з гэтым мінулым, у якім лінія падзелу часта праходзіла паміж членамі сем'яў, ніколі не была простай", - канстатаваў ён.

Федэральны Прэзідэнт расказаў, што пасля вайны воля да крытычнага аналізу нацыянал-сацыялізму была больш чым асцярожна чакальнай, і толькі на працягу трох апошніх дзесяцігоддзяў адбылася паступовая пераацэнка нацыянал-сацыялістычнага мінулага. "Сёння Аўстрыя падзяляе адказнасць за злачынствы нацыянал-сацыялізму, у якіх былі задзейнічаны ў тым ліку аўстрыйцы. Гэта, у прыватнасці, знаходзіць адлюстраванне ў пераробліванні, у тым ліку змястоўным, аўстрыйскай экспазіцыі ў "Асвенціме", што актыўна вядзецца цяпер. У цэлым можна сказаць, што забыццё і выцясненне з памяці ў апошнія гады ўступіла месца ўсё большай волі да ўспаміну і асэнсавання", - сказаў Аляксандр Ван дэр Белен.

Ён выказаў надзею, што падобныя да "Трасцянца" мемарыялы будуць нагадваць будучым пакаленням аб каштоўнасці міру і чалавечнасці. "Таму я хацеў бы, каб мы аддалі даніну памяці ахвярам Малога Трасцянца з пачуццём аб'яднальнай надзеі. І - як вобразна сказана ў Дэкларацыі Стакгольмскага міжнароднага форуму па халакосце - каб мы "пасеялі насенне лепшай будучыні ў зямлю горкага мінулага", - дадаў Федэральны Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс