28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для мяне вялікі гонар прадставіць свае карціны ў Беларусі, заявіў сёння журналістам вядомы музыкант, нязменны лідар групы "Акварыум" Барыс Грабеншчыкоў перад адкрыццём у Нацыянальным мастацкім музеі сваёй першай у Беларусі персанальнай выставы карцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі люблю Беларусь і Мінск. Для мяне вялікі гонар прадставіць свае карціны ў Нацыянальным мастацкім музеі", - сказаў Барыс Грабеншчыкоў.
Пачынаючы з канца 1980-х яго выставы праходзілі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Лондане, Нью-Ёрку. У аснову дэбютнай мінскай экспазіцыі пад назвай "Татэмы Зімагораў" увайшло больш за 30 жывапісных работ апошніх гадоў, некаторыя з іх экспануюцца ўпершыню. "Я пачаў займацца жывапісам, як і музыкай, прыкладна ў адзін і той жа час. Мяне заўсёды пытаюцца, калі ў мяне ёсць магчымасць пісаць карціны. Гэта адбываецца паміж дзвюма гадзінамі ночы і шасцю раніцы, калі я бываю дома", - падзяліўся мастак.
Эксперты адзначаюць, што карцінам Грабеншчыкова, як і яго песням, уласціва ўскладненасць вобразнай сістэмы, постмадэрнісцкая гульня з вобразамі. Асаблівую перавагу ён аддае жанру пейзажу, у якім дзіўным чынам злучае выяўленчую і музычную тканіну: колерапластычнае рашэнне работ набывае пазнаваемыя абрысы яго меладычных ліній, ствараючы адчуванне дыфузіі святлопаветранага асяроддзя і гуку.
Дарэчы, некаторыя песні Барыс Грабеншчыкоў запісвае на грошы, атрыманыя ад продажу работ. "Я не толькі прадаю свае карціны, але і дару іх. Сродкі, атрыманыя ад продажу, укладваю ў запіс сваіх песень. Гэта дазваляе практычна напалову пакрываць расходы на музыку. Я не магу сказаць, колькі каштуюць мае работы. Самая дарагая карціна была прададзена прыкладна за 25 тыс. еўра", - расказаў Барыс Грабеншчыкоў.
На творчасць яго натхняе наяўнасць фарбаў і палатна. "Як у маці не можа быць любімага дзіцяці, так і ў мяне няма любімых карцін. Я іх усе люблю па-свойму", - падкрэсліў мастак.
Выстава карцін Барыса Грабеншчыкова "Татэмы Зімагораў" будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі па 10 сакавіка. Яе экспазіцыйны рад будзе падтрыманы інструментальнай музыкай аўтара, створанай спецыяльна для музейнага праекта. Асобыя знатакі творчасці Барыса Грабеншчыкова пасля завяршэння выставы змогуць набыць у аўтара ўпадабаную работу.