20 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае пазітыўную дынаміку ў гандлі з Кыргызстанам, нягледзячы на пандэмію. Аб гэтым ён заявіў 17 ліпеня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Кыргызстана Кубатбекам Баронавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“Нягледзячы на ўсе каранавірусы, хоць у нас у мінулым годзе быў пэўны спад у тавараабароце, то ў бягучым годзе за пяць месяцаў мы ў тавараабароце вельмі прыраслі. Я, калі ўзяў статыстыку, проста здзівіўся. Усе краіны ў тавараабароце ўпалі, вы гэта ведаеце, а нам удалося ўсё ж такі дабавіць за гэтыя пяць месяцаў. Гэта добры сігнал. Значыць, мы патрэбны адзін аднаму. Я хачу вас запэўніць у тым, што ў гэтым напрамку мы гатовы дзейнічаць”, - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў той факт, што Кубатбек Баронаў прыехаў у Беларусь, пазнаёміўся з новым беларускім прэм’ер-міністрам і ўрадам. “Я вас вельмі папрашу, будзьце ў кантакце. Любы ваш званок, калі патрэбна нейкая дапамога, падтрымка, калі мы разам нешта можам зрабіць на трэціх рынках, у нашым Еўразійскім саюзе, мы заўсёды будзем разам”, - запэўніў беларускі лідар.
Ён канстатаваў падабенства структур эканомікі дзвюх краін. “У нас няма залішніх вуглевадародаў, няма прыроднага газу, які можна пампаваць, - адзначыў Прэзідэнт. – Народы вельмі працавітыя. Таму і богам наканавана нам разам жыць, супрацоўнічаць у гэтым саюзе, на двухбаковай аснове”.
Прэзідэнт таксама заўважыў, што паміж Беларуссю і Кыргызстанам няма ніякіх праблем у ваенна-палітычным парадку дня. “Ды і ў эканоміцы ў нас няма вялікіх праблем. Некалі мы з нуля пачыналі. А цяпер перажываем ужо за тое, што ў нас ёсць тавараабарот пад $100 млн, але ён невялікі. Вядома, трэба рухацца наперад, і мы ў гэтым напрамку можам і павінны працаваць. Вы бачыце больш, што вам трэба. Падказвайце, будзем разам дзейнічаць у інтарэсах дзвюх дзяржаў і народаў”, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.