19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская АЭС з'яўляецца адным з найбольш паспяховых праектаў у краінах, якія развіваюць атамную энергетыку. Аб гэтым заявіў сёння генеральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана на адкрыцці міжнароднай выстаўкі і канферэнцыі "Атамэкспа-Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Стварэнне двухблочнай станцыі ў Астраўцы ўяўляе сабой адзін з найбольш паспяховых праектаў у краінах, якія ўступаюць на шлях развіцця атамнай энергетыкі. Пры гэтым МАГАТЭ аказвае ўсю магчымую дапамогу ў паспяховым ажыццяўленні гэтага праекта", - адзначыў Юкія Амана.
"Беларусь з'яўляецца вельмі важным партнёрам МАГАТЭ, прычым не толькі ў справе развіцця ядзернай энергетыкі, але і ў цэлым у сферы прымянення мірнага атама", - падкрэсліў гендырэктар.
Паводле яго слоў, краіны прадаўжаюць праяўляць цікавасць да развіцця атамнай энергетыкі. "Гэта дае магчымасць краінам развіваць нацыянальную прамысловасць, павялічваць дабрабыт насельніцтва і змяншаць колькасць выкідаў парніковых газаў", - растлумачыў Юкія Амана.
Паводле даных гендырэктара МАГАТЭ, цяпер у свеце эксплуатуецца 444 блокі атамных электрастанцый у 30 краінах, 64 рэактары знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, 30 краін хочуць пачаць развіваць ядзерную энергетыку.