Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

11 Ліс 2014

Ігар Петрышэнка: Беларусь можа стаць для турыстаў Саюзнай дзяржавы мостам у краіны Старога Свету

Ігар Петрышэнка: Беларусь можа стаць для турыстаў Саюзнай дзяржавы мостам у краіны Старога Свету

11 лістапада, Масква /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь можа стаць для турыстаў Саюзнай дзяржавы мостам у краіны Старога Свету. Аб гэтым сёння на адкрыцці экспертна-медыйнага форуму "Пазнаючы Саюзную дзяржаву: ад Брэста да Уладзівастока" заявіў пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь пастаянна ўдасканальвае інфраструктуру, каб павялічыць паток турыстаў. "Наша задача - быць мостам, праз які грамадзяне Саюзнай дзяржавы адкрыюць для сябе краіны Старога Свету. Пачынаць падарожжы ў Еўропу лепш з унікальных трансгранічных аб'ектаў як Белавежская пушча, Аўгустоўскі канал", - сказаў пасол.

Ігар Петрышэнка адзначыў, што ў Беларусі вынесены на грамадскае абмеркаванне праект канцэпцыі дзяржаўнай праграмы развіцця турызму на 2016-2020 гады. Асноўная стаўка ў ёй зроблена на далейшую сегментацыю турыстычных паслуг. У прыярытэтным парадку будуць развівацца культурна-пазнавальны, экалагічны, паляўнічы, медыцынскі, спартыўны і іншыя віды турызму. Асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць развіццю сацыяльнага турызму, які накіраваны на прадастаўленне паслуг пажылым людзям, людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Пасол звярнуў увагу, што турыстам з Беларусі ўнікальныя культурныя аб'екты Расіі не менш цікавыя, чым еўрапейскія. Каб падтрымаць гэты інтарэс, патрэбна адпаведная інфармацыйная і рэкламная кампанія, арганізацыі якой прызначаны дапамагчы і цяперашні форум.

У сваю чаргу дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота адзначыў важнасць такіх форумаў, паколькі на іх вылучаюцца канкрэтныя ініцыятывы, якія ў далейшым увасабляюцца ў жыццё. У якасці прыкладу ён прывёў выданне дапаможніка па гісторыі развіцця расійска-беларускіх адносін. "Ён ужо рыхтуецца. Спадзяюся, у гэтым годзе выйдзе і будзе не адзіным, таму што МДУ выступіў з ініцыятывай напісаць яшчэ адну такую кнігу. Гэта даволі сур'ёзныя, неангажыраваныя, з глыбокім навуковым пранікненнем у гісторыю пытання працы", - сказаў Рыгор Рапота.

Экспертна-медыйны форум "Пазнаючы Саюзную дзяржаву: ад Брэста да Уладзівастока", прымеркаваны да 15-годдзя падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, праходзіць у Маскве 10-12 лістапада. Ён сабраў беларускіх і расійскіх экспертаў і журналістаў, якія спецыялізуюцца ў галіне міждзяржаўнага супрацоўніцтва, турызму і культуры. Арганізатары мерапрыемства - Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, міжнароднае інфармацыйнае агенцтва "Расія сёння".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі