6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Малдова будуюць адносіны на прынцыпах празрыстасці і прадказальнасці. Такое меркаванне выказаў журналістам прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп па выніках сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Паўла Філіпа, Малдова высока ацэньвае ўзровень адносін з Беларуссю. "Хацеў бы сказаць, што разглядаю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Малдовай як узор канструктыўных адносін, якія грунтуюцца на ўзаемапавазе. Неабходна адзначыць, што нашы адносіны будуюцца на прынцыпах празрыстасці і прадказальнасці", - сказаў прэм'ер-міністр.
Ён адзначыў, што ў беларускім урадзе прайшлі змястоўныя і канструктыўныя перагаворы. Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся аб найбольш эфектыўным выкарыстанні дзеючых фарматаў узаемадзеяння. "Гэты візіт прадастаўляе добрую магчымасць правесці грунтоўны абмен меркаваннямі адносна рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у рамках візіту Андрэя Кабякова ў Кішынёў у кастрычніку мінулага года, і галоўных напрамкаў развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, - лічыць Павел Філіп. - Мы зыходзім з таго, што патэнцыял адносін, асабліва ў гандлёва-эканамічнай частцы, далёка не вычарпаны".
На сустрэчы ва ўрадзе абмяркоўваліся і праекты ў прамысловай кааперацыі. "Мы дамовіліся прадоўжыць сумесную работу па зборцы беларускай тэхнікі рознага прызначэння ў Малдове, у тым ліку з перспектывай на экспарт", - дадаў Павел Філіп.