9 лютага, Брусель /БЕЛТА - ТАСС/. У Еўракамісіі спадзяюцца, што на перагаворах "нармандскай чацвёркі" па Украіне 11 лютага ў Мінску магчымы вырашальны прарыў. Такое меркаванне выказаў пасля прыбыцця на сустрэчу кіраўнікоў МЗС ЕС еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і пашырэнні Ёханес Хан.
"На перагаворах у сераду магчымы вырашальны прарыў. Усе ўдзельнікі перагавораў разумеюць, што настаў час знайсці выйсце з крызісу", - сказаў ён.
Еўракамісар падкрэсліў, што "гуманітарная сітуацыя ў Данбасе крытычная".
Ёханес Хан таксама адзначыў, што 9 лютага адбыліся тэлефонныя кансультацыі з міністрам замежных спраў Украіны Паўлам Клімкіным.
Раней стала вядома, што 11 лютага ў Мінску пройдзе сустрэча "нармандскай чацвёркі". Акрамя таго, кіраўнік украінскай дзяржавы Пётр Парашэнка, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, французскі лідар Франсуа Аланд і канцлер Германіі Ангела Меркель дамовіліся правесці экспертныя кансультацыі ў Берліне на ўзроўні прадстаўнікоў МЗС 9 лютага і сустрэчу кантактнай групы з удзелам падпісантаў мінскіх дамоўленасцей 10 лютага.
Першая сустрэча ўдзельнікаў кантактнай групы прайшла ў беларускай сталіцы 5 верасня 2014 года. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Кіева, рэгіёнаў паўднёвага ўсходу Украіны, АБСЕ і Расіі. Па выніках перагавораў быў узгоднены план мірнага ўрэгулявання ў Данбасе і дасягнута дамоўленасць аб спыненні агню. Па выніках другой сустрэчы ў Мінску 19-20 верасня быў прыняты мемарандум па ажыццяўленні рэжыму спынення агню, які ўключае забарону на выкарыстанне ўсіх відаў узбраення і адвод ад лініі сутыкнення на 15 км з кожнага боку сродкаў паражэння калібрам больш як 100 мм.