Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

17 Чэр 2015

Дні культуры В'етнама ў Беларусі стануць крокам у развіцці маштабнага супрацоўніцтва дзвюх краін

Дні культуры В'етнама ў Беларусі стануць крокам у развіцці маштабнага супрацоўніцтва дзвюх краін

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры В'етнама ў Беларусі, якія праходзяць з 16 чэрвеня, стануць крокам у развіцці маштабнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Такое меркаванне выказаў сёння намеснік міністра культуры, спорту і турызму В'етнама Хуюнь Вінь Ай на сустрэчы з міністрам культуры Беларусі Барысам Святловым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Барыс Святлоў, вітаючы гасцей, ад паездкі ў В'етнам у лістападзе мінула года ў беларускіх калег засталіся вельмі яркія ўражанні. "З асаблівым прыемным пачуццём чакаем знаёмства з культурай В'етнама. Дні культуры В'етнама стануць толькі візіткай, першым крокам у развіцці супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Аднак прынятая ў мінулым годзе праграма культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі ведамствамі разлічана на тое, каб устанавіць канкрэтныя сувязі паміж культурнымі ўстановамі дзвюх краін. Крок за крокам разам будзем рухацца наперад", - падкрэсліў міністр.

Намеснік міністра культуры, спорту і турызму В'етнама Хуюнь Вінь Ай у сваю чаргу выказаў надзею, што развіццю адносін паміж В'етнамам і Беларуссю ў многіх сферах жыцця будзе садзейнічаць бязвізавы ўезд для беларускіх грамадзян у В'етнам з 1 ліпеня бягучага года. Госці прапануюць беларускім гледачам фотавыстаўку "Прыгажосць В'етнама", канцэртную праграму ў выкананні артыстаў В'етнамскага тэатра оперы і балета і Дзяржаўнай акадэміі музыкі В'етнама. "Хоць прадставіць краіну немагчыма не толькі за пяць дзён, але і месяц, мы хочам хаця б крыху паказаць беларусам прыгажосць нашай краіны і ўнікальнасць в'етнамскай культуры. Спадзяюся, што знаёмства беларускага гледача з в'етнамскай культурай будзе садзейнічаць развіццю адносін у іншых сферах паміж Беларуссю і В'етнамам", - сказаў ён. Хуюнь Вінь Ай дадаў, што ведае пра Беларусь як пра мірную і прыгожую краіну з добрым народам з кніг, і рады магчымасці пазнаёміцца з краінай і людзьмі асабіста.

Праграма візіту дэлегацыі В'етнама ўключае наведванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь" і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, запланавана сустрэча кіраўніцтва В'етнамскага тэатра оперы і балета з дырэкцыяй Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Бакі маюць намер абмеркаваць магчымасць арганізацыі абменных гастролей.

18 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі будзе адкрыта фотавыстаўка "Прыгажосць В'етнама". Экспазіцыя з 50 здымкаў в'етнамскіх фотамайстроў дае магчымасць азнаёміцца з культурай гэтай краіны. Наведвальнікі выстаўкі атрымаюць уяўленне аб выдатных мясцінах і славутасцях В'етнама, аб прыродзе, аб фестывальных і конкурсных мерапрыемствах. Афіцыйнае адкрыццё Дзён культуры і гала-канцэрт у канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга філармоніі адбудзецца ўвечары таго ж дня.

З музычнай культурай гэтай краіны атрымаюць магчымасць азнаёміцца таксама жыхары Маладзечна, дзе 19 чэрвеня адбудзецца канцэрт в'етнамскіх выканаўцаў. Паводле слоў міністра культуры Беларусі, выбар Маладзечна як яшчэ адной пляцоўкі для дэманстрацыі в'етнамскай культуры абумоўлены ў тым ліку тым, што горад з'яўляецца адным з прэтэндэнтаў на тытул культурнай сталіцы Беларусі ў 2016 годзе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі