4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для беларуска-грузінскіх адносін характэрны адкрытасць і гатоўнасць да ўзаемавыручкі. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў з віцэ-прэм'ер-міністрам - міністрам замежных спраў Грузіі Міхаілам Джанелідзэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для беларуска-грузінскіх адносін характэрны адкрытасць, некан'юнктурнасць і гатоўнасць да ўзаемавыручкі", - сказаў Уладзімір Макей.
Менавіта па гэтай прычыне Беларусь не магла застацца ўбаку, калі ў Баржомскай цясніне здарылася бяда і пачаўся стыхійны лясны пажар. Туды былі неадкладна накіраваны ратавальнікі і верталёт МНС Беларусі. "У сваю чаргу мы ўдзячны нашым грузінскім сябрам за прадастаўленне на бязвыплатнай аснове дарагога лекавага сродку для лячэння пяцісот чалавек з гепатытам C", - падкрэсліў міністр.
Уладзімір Макей расказаў, што сёння ў час перагавораў абмяркоўвалася развіццё двухбаковых адносін у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, культурнай і гуманітарнай сферах. Асобная ўвага была ўдзелена супрацоўніцтву на міжнародных пляцоўках. "Мы абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў ААН, у тым ліку каардынацыю работы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Прааналізавалі аспекты ўдзелу дзвюх краін у ініцыятыве "Усходняе партнёрства" і дамовіліся аб тым, што будзем цесна ўзаемадзейнічаць у рамках усіх міжнародных фарматаў", - адзначыў ён.
Па выніках перагавораў Уладзімір Макей і Міхаіл Джанелідзэ падпісалі праграму супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Грузіі на 2018-2019 гады.