8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь удзяляе прыярытэтную ўвагу ўсебаковаму развіццю аховы здароўя. Аб гэтым 7 чэрвеня заявіў Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас у час уручэння яму ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пасведчання СААЗ аб поўным выкараненні перадачы ад маці да дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС.
У выступленні на цырымоніі ўручэння Беларусі афіцыйнага сертыфіката СААЗ Андрэй Дапкюнас адзначыў па-сапраўднаму гістарычны характар гэтага дасягнення краіны ў галіне аховы здароўя. "Кіраўнік беларускай місіі пры ААН адзначыў, што поспех Беларусі стаў магчымым у выніку паслядоўнай шматгадовай работы беларускіх медыкаў і прыярытэтнай увагі, якую беларуская дзяржава ўдзяляе ўдасканаленню і ўсебаковаму развіццю нацыянальнай сістэмы аховы здароўя", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Беларускі дыпламат выказаў удзячнасць шырокаму колу міжнародных партнёраў - СААЗ, ЮНЭЙДС, Глабальнаму фонду па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, ЮНІСЕФ і ЮНФПА - за падтрымку сістэмных нацыянальных намаганняў краіны, якія прывялі да заслужанага міжнароднага прызнання.
Беларусь стала першай і адзінай краінай у Еўропе, якая атрымала такое пасведчанне. Усяго ў свеце яго маюць толькі тры дзяржавы. Акрамя Беларусі гэта яшчэ Куба і Тайланд.
Глабальныя крытэрыі і працэдура засведчання поўнага выкаранення перадачы ад маці да дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу былі распрацаваны СААЗ у 2014 годзе. Цяперашняя цырымонія святкавання дасягненняў краін свету ў гэтай галіне стала другой па ліку.