23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ў Мінску другой рэгіянальнай нарады па пытаннях пашырэння доступу да якасных і недарагіх лекавых прэпаратаў і дыягнастычных сродкаў у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
У звароце да ўдзельнікаў нарады намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў важнасць стварэння эфектыўнай сістэмы аховы здароўя ў кантэксце работы па дасягненні мэты нумар 3 парадку дня ўстойлівага развіцця "Забеспячэнне здаровага ладу жыцця і садзейнічанне дабрабыту для ўсіх у любым узросце".
Андрэй Дапкюнас падкрэсліў, што Беларусь паслядоўна падтрымлівае ініцыятывы ААН, Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ЮНЭЙДС, Глабальнага фонду па барацьбе з ВІЧ/СНІД, накіраваныя на прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці да неабходнасці барацьбы са СНІДам, гепатытам і туберкулёзам, а таксама на павышэнне эфектыўнасці сумесных дзеянняў. На думку беларускага дыпламата, доступ да медыкаментаў для барацьбы з эпідэміямі, аналагічнымі ВІЧ/СНІД, гепатыту і туберкулёзу, з'яўляецца адным з галоўных элементаў дасягнення права кожнага чалавека на максімальна высокі ўзровень аховы здароўя.
Намеснік міністра адзначыў, што, як і па іншых напрамках міжнароднага супрацоўніцтва, Мінск становіцца месцам аб'яднання намаганняў краін рэгіёна па ўмацаванні аховы здароўя людзей.
Першая рэгіянальная нарада па пытаннях доступу да якасных і недарагіх лекавых прэпаратаў супраць СНІДу, гепатыту і туберкулёзу прайшла ў Мінску ў лістападзе 2016 года па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Беларусі. Арганізатарамі цяперашняга мерапрыемства сталі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, ЮНЭЙДС і Глабальны фонд па барацьбе з ВІЧ/СНІД.