20 мая, Вільнюс /БЕЛТА - ТАСС/. Інфармацыі аб тым, што Беларусь не прытрымліваецца патрабаванняў ядзернай бяспекі пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, у Еўракамісіі няма. Аб гэтым сёння заявіў еўракамісар ад Літвы Віцяніс Андрукайціс.
"У нас няма звестак, на падставе якіх можна было б сцвярджаць, што Беларусь адмахваецца ад выканання стандартаў бяспекі", - сказаў ён. Паводле яго слоў, Еўракамісія і Мінск канструктыўна супрацоўнічаюць па гэтым пытанні. "Беларусь улічвае ўсе выказваемыя рэкамендацыі", - сказаў Віцяніс Андрукайціс.
Паводле слоў еўракамісара, кантроль будзе ажыццяўляцца і ў далейшым, як і на іншых такіх аб'ектах. "Патрабаванні адзіныя як адносна атамнай электрастанцыі, што будуецца ў Фінляндыі, так і Беларускай АЭС. Двайных стандартаў у пытаннях бяспекі быць не можа", - адзначыў Віцяніс Андрукайціс.
Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. Генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам з'яўляецца аб'яднаная расійская кампанія ААТ "НІАЭП" - ЗАТ "АСЭ". У адпаведнасці з генеральным кантрактам на будаўніцтва станцыі першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі - у 2020 годзе.