12 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў упэўнены ў нарошчванні дынамікі беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. Аб гэтым ён заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў туркменскі лідар, "новы будынак будзе стаяць на трывалым фундаменце двухбаковай дружбы і ўзаемаразумення". Ён лічыць, што пасольства Туркменістана будзе актыўна працаваць на карысць далейшага развіцця двухбаковых сувязей. "Работа пасольства павінна адпавядаць высокаму ўзроўню беларуска-туркменскіх адносін", - падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана.
Ён адзначыў, што з туркменскага боку ёсць выразная нацэленасць на дасягненне канкрэтных высокіх вынікаў ва ўзаемадзеянні паміж Туркменістанам і Беларуссю. Кантакты дзвюх краін характарызуюцца шматграннасцю, чаму ў вялікай меры садзейнічае створаная значная дагаворна-прававая база.
Паводле слоў Гурбангулы Бердымухамедава, вельмі важна, што супадаюць пазіцыі Беларусі і Туркменістана па пытаннях міжнароднага парадку дня і абедзве дзяржавы эфектыўна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях. "Гэта адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам дзвюх краін", - сказаў туркменскі лідар.
Прэзідэнт Туркменістана разам з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам удзельнічалі ў цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў. Кіраўнікі дзяржаў таксама азнаёміліся з умовамі работы дыпламатаў, агледзелі экспазіцыі музея, якія прадстаўляюць культуру і традыцыі Туркменістана.